«Насенне бабовых траў — золата агранома». Напружаная праца кіпіць на палетках нашага флагмана — СВК «Маяк Браслаўскі»

Актуальное Экономика и финансы
Практычна ўсе гаспадаркі раёна завяршылі ўборку збожжавых культур, аднак на грамадскіх палетках яшчэ далёка да зацішша. Падышоў сезон закладкі ўраджаю будучага года, уборкі кукурузы і абмалоту насеннікаў бабовых траў. Таму пра адпачынак працаўнікам палёў даводзіцца толькі марыць. Напружаная праца кіпіць у гэтыя дні на палетках флагмана нашай сельгасвытворчасці — СВК «Маяк Браслаўскі».

Як расказала галоўны аграном сельскагаспадарчага кааператыва Валянціна Таўкінь, для яе клопат пра будучы ўраджай збожжавых пачынаецца з падборкі папярэднікаў, закупкі і абавязковага ўнясення гліфасатаў. Без апошняй працэдуры, лічыць спецыяліст, на высокі ўраджай разлічваць дарэмна. Таму, нягледзячы на дарагавізну прэпаратаў, у гаспадарцы абавязкова выкройваюць грошы на іх набыццё. Сёлета, напрыклад, ужо закупілі чатыры партыі, за кожную з якіх заплацілі па 16 тыс. рублёў. Хімікат унеслі на плошчы 1 184 га. Неапрацаванымі яшчэ засталіся каля 700 га, для закупкі гліфасату на іх ужо пералічаны грошы.

Разгарнулася ў гаспадарцы і сяўба азімых збожжавых культур. Імі сёлета плануюць заняць 2 700 гектараў. Пад гэтую мэту пасля хімапрацоўкі ўжо ўзарана 983 гектары глебы. А некалькі дзён назад запусцілі ў работу і пасяўныя агрэгаты. Насенне паклалі ў глебу на 350 гектарах. Тэмпы плануецца паскараць за кошт падключэння да сяўбы ўсіх наяўных сеялак, інтэнсіўнасці падрыхтоўкі глебы.

У час нашай вандроўкі па палях Валянціна Віктараўна быццам незнарок прыкмеціла: «Насенне бабовых траў — золата агранома». І гэта сапраўды так, бо ва ўсе часы насенне канюшыны, баркуну, люцэрны і іншых відаў заўсёды застаецца ў цане. Менавіта такога накірунку ў рабоце прытрымліваецца і В. Таўкінь. Напрыклад, сёлета плануецца абмалаціць больш за 300 гектараў бабовых насеннікаў. Ужо зжата 86 га канюшыны, з якіх намалочана 13 тон насення.

І ўсё ж асноўныя сілы цяпер накіраваны на сяўбу збожжавых культур. Як і кожны год, на ўсіх трох аддзяленнях працуе асобны паўнацэнны атрад з наборам неабходнай тэхнікі, дзе за ўсю арганізацыю працы адказваюць начальнікі падраздзяленняў. Напрыклад, на трэцім усім працэсам кіруе Валерый Кезік. Нягледзячы на тое, што па спецыяльнасці ён інжынер, паспеў унікнуць і ва ўсе тонкасці агранамічнай навукі, а паколькі дасканала ведае далёкаўскія землі, то і ўпраўляецца на іх выдатна.

Вось і падчас нашага візіту Валерый ставіў чарговую задачу механізатару Віталію Васілевічу. Дарэчы, апошні сёлета з МТЗ-80 перасеў на энерганасычаны МТЗ-3522, якім раней кіраваў яго бацька. Сёння Віталій лёгка спраўляецца з шасціметровай сеялкай і плануе набіраць тэмп сяўбы з кожным днём. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *