Будаўнік з Браслава: «Прыемна, калі бачыш вынікі сваёй працы»

Люди
«У будаўніцтве лёгкай працы не бывае», – лічыць Дзмітрый Маркушонак, плотнік 4-га разраду камунальнага ўнітарнага будаўнічага прадпрыемства «Браслаўская перасоўная механізаваная калона – 42», 14 гадоў прафесійнага стажу якога звязана з гэтай галіной.

Між тым першапачаткова інтарэсы Дзмітрыя былі скіраваныя на іншую сферу: як і многія опсаўскія хлопцы, ён атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля-трактарыста ў Відзаўскім прафтэхвучылішчы. Па заканчэнні ўстановы маладога выпускніка прызвалі на тэрміновую службу, дзе не толькі прыйшліся дарэчы набытыя прафесійна-тэхнічныя навыкі, але і з’явіліся новыя – падчас узвядзення аб’ектаў вайсковага прызначэння. Вярнуўшыся з арміі, Д. Маркушонак шукаў працу па спецыяльнасці, аднак вакансіі былі толькі ў будаўнічай сферы, куды ён і ўладкаваўся.

Вось ужо колькі гадоў Дзмітрый займаецца плотніцкімі работамі па дрэве, а яго звыклымі інструментамі сталі нажоўка, малаток, стамеска, шрубавёрт. Працуе ён у складзе комплекснай брыгады з васьмі чалавек. На ўсіх будаўнічых участках зарэкамендаваў сябе як спецыяліст высокага ўзроўню, здольны справіцца са складанымі работамі.

Таму нездарма яму даверылі кіраўніцтва брыгадай. Цяпер яна працуе на ўзвядзенні новага комплексу СВК «Маяк Браслаўскі» паблізу Опсы. Будаўнікі займаюцца страхой – кладуць страпілы, набіваюць латы ды ўкладваюць шыфер. Менавіта брыгадзір размяркоўвае людзей, вызначае аб’ёмы работ. Ён ведае, хто і што ўмее, – гэтым і кіруецца. Прычым, па словах Дзмітрыя Маркушонка, сёння мала валодаць толькі адным пэўным навыкам: так ужо не пражывеш – трэба ўдасканальвацца. Вельмі важна вучыцца: з цягам часу з’яўляюцца новыя інструменты, прыёмы, даводзіцца працаваць з паперамі, праектамі. Сам Дзмітрый пачынаў плотнікам, пасля праходжання адпаведных курсаў авалодаў сумежнымі прафесіямі тынкоўшчыка, стропальшчыка і мантажніка.

Д. Маркушонак працаваў на многіх аб’ектах: будаваў «прэзідэнцкія» дамы ў сельгаспрадпрыемствах, кааператыўныя шматпавярхоўкі ў Браславе. Акрамя свайго раёна, даводзілася бываць у камандзіроўках у Міёрах, Верхнядзвінску і інш. Напрыклад, у Шаркаўшчыне перад «Дажынкамі» брыгада шчыравала, аздабляючы фасады будынкаў. Дарэчы, адзін з гэтых дамоў запомніўся Дзмітрыю найбольш, бо надта ж незвычайнай падалася яму афарбоўка сцен, у якой спалучаліся розныя колеры – ружовы, барвовы, чырвоны і слановай косці. Ну а самы прыемны момант дзейнасці для Д. Маркушонка, безумоўна, завяршэнне будаўніцтва, калі ён можа бачыць вынікі сваёй вельмі запатрабаванай працы. ■

 

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.