Педагог з Браслаўскага раёна: «Самы вялікі камплімент, калі па-за межамі раёна кажуць, што ведаюць нашу школу»

Люди
«Не бяруся за справу, якую не магу зрабіць, не люблю інтрыг, валодаю неўтаймоўным аптымізмам, люблю бадзёры рытм жыцця», – так характарызуе сябе Інэса Стрыновіч, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Опсаўскай сярэдняй школы. Варта дапоўніць апісанне яшчэ адным момантам – сёлета яна прызнана чалавекам года Браслаўшчыны.

Работа калектыву Опсаўскай СШ высока ацэньваецца на розных узроўнях, нездарма школа станавілася лепшай сярод сельскіх устаноў адукацыі Беларусі. Адпаведнае забеспячэнне навучальнага і выхаваўчага працэсу, поспехі дзяцей у прадметных алімпіядах і творчых конкурсах, рэалізацыя ініцыятыў, папулярызацыя аграрных спецыяльнасцей – плённы вынік карпатлівай працы мясцовых педагогаў, важкі ўклад у які зрабіла і І. Стрыновіч.

Сярэбраны медаль па заканчэнні першай гарадской школы ў Браславе і чырвоны дыплом Віцебскага педінстытута імя Кірава – ужо бачна здольнасць трымаць планку на вышыні. Ды і не магло быць інакш у чалавека, які абраў сваю прафесію яшчэ ў дзяцінстве. Да першага класа дзяўчынка ўжо ўмела чытаць і пісаць, дома выводзіла крэйдай на дубовай шафе друкаваныя літары для сяброў. І мара яе не памянялася. Дарэчы, у Інэсы Эдвардаўны муж, свякроў, свёкар і дзве яго сястры – усе ў свой час выбралі педагогіку. Дома – поўнае ўзаемаразуменне і, як сама жартуе, праз дзень педсаветы па розных пытаннях. А ў жніўні будзе 30 гадоў настаўніцкай дзейнасці – прыемна сустрэць такую дату.

У Опсаўскай СШ І. Стрыновіч працуе з 2000 г. Выкладала матэматыку, была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, апошніх жа 10 гадоў яна курыруе вучэбную дзейнасць. Каардынуе навучальны працэс, арганізацыю алімпіяднага руху, работу рэсурснага цэнтра аграрнай накіраванасці, дашкольную адукацыю, падвоз дзяцей і займаецца арганізацыяй харчавання. Плюс састаўленне раскладу, бухгалтарскія справы – абавязкаў шмат, і выконвае іх Інэса Эдвардаўна з уласцівай ёй кампетэнтнасцю, граматна, адказна і скрупулёзна. Аднак не заспакойваецца на дасягнутым: вывучае методыку, дзеліцца вопытам з іншымі, друкуе ў часопісах публікацыі і марыць пакараць новыя вяршыні. Напрыклад, цяпер школа спрабуе трапіць у рэспубліканскі інавацыйны праект.

«У сваёй рабоце важнай лічу чэснасць перад калегамі, адкрытасць да зносін і да любых ідэй, на якія хопіць энергіі ў іх ажыццяўленні, прынцыповасць: у мяне няма любімчыкаў, і калі ў мужа заўважу недахоп – не прайду міма, – кажа І. Стрыновіч. – Галоўны мой крытэрый – ці было дзіцяці цікава на занятках. Калі наведваю ўрокі, нароўні з навучэнцамі бяру карткі, выконваю заданні. Захопліваюць яны і мяне, і дзяцей – значыць урок удаўся. І не абавязкова выкарыстоўваць нейкія гаджэты: калі педагог з душой адносіцца да працы, усё атрымліваецца найлепшым чынам».

Менавіта так, з душой, намеснік дырэктара падыходзіць да любой справы, абавязкова даводзячы яе да канца. Яна настройвае сябе: калі нельга змяніць сітуацыю, трэба мяняць адносіны да яе, не апускаць рукі, не губляць упэўненасці ў дасягненні мэт, на ўсё глядзець пазітыўна. Інэсе Эдвардаўне важна адчуваць сябе патрэбнай, а працу – па вартасці ацэненай. І самы вялікі камплімент для яе – пачуць па-за межамі раёна: «О, пра Опсаўскую школу мы ведаем!» ■

 

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.