Стаць студэнтам без ЦТ браслаўскім школьнікам дапамогуць аграрныя класы

Власть и общество
Выбар прафесіі заўсёды з’яўляецца важным і адказным момантам у жыцці кожнага чалавека. І каб вучні вызначыліся са сваёй прафесійнай будучыняй яшчэ са школы, ва ўстановах адукацыі ствараюцца профільныя класы. Так, у гэтым навучальным годзе адкрыліся класы аграрнага накірунку.

У нашым раёне яны з’явіліся на базе Друйскай, Відзаўскай і Опсаўскай школ, бо гэтыя ўстановы знаходзяцца на тэрыторыі буйных сельгаспрадпрыемстваў. Як паведаміла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Хандогіна, перад пачаткам навучальнага года педагогі гэтых школ паўдзельнічалі ў семінары-практыкуме, які праходзіў у Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, дзе пазнаёміліся з асноўнымі ідэямі новай праграмы і абмеркавалі актуальныя пытанні яе рэалізацыі.

У аграрныя класы залічаны дзесяцікласнікі. Школьнікі будуць два гады на павышаным узроўні вывучаць матэматыку, хімію і біялогію: па выбары два прадметы, а таксама праграму факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў аграрныя прафесіі». Яна разлічана на тое, каб дзеці атрымалі пачатковыя веды па 24 спецыяльнасцях, і ахоплівае ўсе аграрныя сферы: сельскагаспадарчага вытворчага працэсу, раслінаводства і жывёлагадоўлі, заатэхніі, ветэрынарыі і тэхнічнай часткі. У праграме таксама прадугледжаны экскурсіі і выязныя заняткі з мэтай замацавання атрыманых ведаў на практыцы і знаёмства з арганізацыяй аграрнай вытворчасці.

Старшакласнікі, якія вывучаюць гэтую праграму, будуць мець ільготы пры паступленні ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Адна з іх — магчымасць стаць студэнтам вышэйшай установы па суразмоўніцтве без вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання пры наяўнасці вызначанага бала па профільных прадметах. ■

Алена ПЯТУШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *