Пра што пісала «Браслаўская звязда» 20 гадоў таму назад (верасень 1998-га)

Калейдоскоп
ПРАБЛЕМ ШМАТ

Па традыцыі педагогі раёна сабраліся на жнівеньскую нараду. У адукацыі шмат праблем, і адна з галоўных — неабходнасць рэформы школы, якая прадугледжвае пераход ад выхавання функцыянераў да фарміравання асобы. Сёння ў раёне да гэтага рыхтуюцца 16 сярэдніх, 18 базавых, 10 пачатковых школ, гімназія, школа-інтэрнат, 30 дзіцячых садоў, у якіх навучаюцца 5 250 вучняў і выхоўваюцца 930 дашкольнікаў.

ВЯСЕЛЬНАЯ ПАРА

Урадлівым на вяселлі быў жнівень: 35 маладых пар прыйшлі ў Браслаўскі ЗАГС, каб зарэгістраваць нараджэнне сваіх сем’яў. Гэта амаль столькі ж, колькі было за папярэднія сем месяцаў. Апошняя субота жніўня ўвогуле дала своеасаблівы рэкорд: аж 8 новых сем’яў адзначылі вяселлі. Многа іх абяцае і верасень. Мяркуючы па пададзеных заявах, кожную суботу будуць рэгістравацца 4-5 пар.

ВІЗЫ НА ЛАТВІЮ — У БРАСЛАВЕ

Спаўняецца год з таго часу, як у Браславе адкрыўся карэспандэнцкі пункт консульства Латвійскай Рэспублікі ў г. Віцебску. Карпункт займаецца афармленнем візаў на ўезд у Латвію і дастаўляе іх з абласнога цэнтра для грамадзян Браслаўскага, Мёрскага, Шаркаўшчынскага, Глыбоцкага і Пастаўскага раёнаў.

У АБАРОНУ СПАЖЫВЕЦКАГА РЫНКУ

Браслаўскі райвыканкам зацвердзіў нормы водпуску тавараў, згодна з якімі адзін пакупнік можа набыць 1 кг цукру, 2 кг хлеба, уключаючы батоны, 2 л малака, 0,5 кг тварагу, 1 тушку птушкі, 2 бляшанкі малочных кансерваў, 1 кг каўбасных вырабаў, 5 пачкаў цыгарэт айчыннай вытворчасці і г. д. Уведзеныя абмежаванні будуць дзейнічаць да выпраўлення сітуацыі на спажывецкім рынку.

ВАНДАЛЫ НА МОГІЛКАХ

Браслаўчане, якія прыйшлі на могілкі, што ў райцэнтры па вул. Юрэнкі, каб аддаць даніну памяці сваякам і знаёмым, былі ўражаны жудасным малюнкам, які паўстаў перад іх вачыма. Нейкія вандалы пашкодзілі на 30 могілках помнікі і надмагільныя пліты. Таксама па-варварску абышліся і з дарожнымі знакамі на вуліцах Садовай і Дзяржынскага. Па гэтых двух правапарушэннях узбуджаны крымінальныя справы.

ПАДСТАЎ ДЛЯ ТРЫВОГІ НЯМА

Крызісная сітуацыя ў фінансава-банкаўскай сферы Расіі адгукаецца і ў нас. Рэзка ўзрос попыт на тавары доўгатэрміновага карыстання, з прылаўкаў магазінаў зніклі асобныя прадукты. Некаторыя браслаўчане праяўляюць пэўную заклапочанасць лёсам сваіх укладаў, асабліва валютных. Як запэўнілі ў мясцовым філіяле ААБ «Беларусбанк», падстаў для трывогі няма: вяртанне сродкаў гарантуецца дзяржавай і любы ўклад можна атрымаць па першым патрабаванні.

ТРЫМАЮЦЦА НА ПЛАВУ

У браслаўскім кінатэатры зала разлічана на 300 чалавек, але наведваюць сеансы ў сярэднім 10-15. Каб не страціць свайго гледача, супрацоўнікі гатовы дэманстраваць фільм і аднаму чалавеку, што, безумоўна, нерэнтабельна. У рэпертуары, які абнаўляецца праз кожныя 2-3 тыдні, у асноўным амерыканскія, індыйскія стужкі 5-7-гадовай даўнасці. У гэтым годзе найбольшую цікавасць у браслаўчан выклікаў фільм «Тытанік», дзякуючы яму кінатэатр атрымаў значны прыбытак.

ЭКЗАТЫЧНАЯ ВЫСТАВА

Вядомая па ўсім свеце калекцыя экзатычных жывёл будзе дэманстравацца ў Браслаўскім гарадскім доме культуры з 19 па 25 верасня. У яе зоатэрарыуме знаходзяцца малпы, кракадзіл, удавы, яшчаркі, чарапахі, павукі і іншыя рэдкія прадстаўнікі трапічнай фаўны. Жывёлін можна будзе паглядзець, памацаць рукамі, сфатаграфавацца з імі і, канешне, даведацца шмат цікавага пра іх жыццё і звычкі. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *