Тоны шашлыку, тысячы порцый марожанага… Якія тавары лепш за ўсё прадаваліся падчас Viva Braslav

Экономика и финансы
Адгрымеў Viva Braslav Open Air. Горад увайшоў у звычайны рытм жыцця: браслаўчане адпачылі ад шуму на вуліцах, камунальныя службы навялі парадак, а гандлёвыя арганізацыі падвялі свае вынікі свята.

Каб разнастайнай прадукцыі хапіла і мясцовым жыхарам, і гасцям нашага города, магазін «Еўраопт» і ГЦ «Віталіч» да маштабнага мерапрыемства пачалі рыхтавацца за некалькі тыдняў. Адміністрацыі абодвух прадпрыемстваў прааналізавалі попыт мінулага года, улічылі той факт, што фестываль з кожным разам набірае абароты, і павялічылі запасы тавараў на сваіх складах.

Па словах дырэктара ПУГП «Віталіч» Валянціны Гаспаровіч, ужо з чацвярга павысіўся попыт у першую чаргу на мяса і шашлычныя прылады. Трэба адзначыць, што для зручнасці гасцей у пятніцу магазін працаваў да трох гадзін ночы, а ў суботу — увогуле да пяці. У гэтыя дні, што не дзіўна, больш за ўсё куплялі слабаалкагольныя, алкагольныя і танізуючыя напіткі, каўбасы і розныя паўфабрыкаты. Так, 4 жніўня толькі марынаванага курынага філе прадалі каля 200 кг. Разыходзілася з прылаўка рыба рознага гатунку, марожанае, кавуны, сродкі ад насякомых, дажджавікі і прэзерватывы. Прыйшліся даспадобы пакупнікам і кандытарскія вырабы ўласнай вытворчасці прадпрыемства. У агульным, па словах В. Гаспаровіч, аб’ём таваразвароту магазіна ў дні фестывалю павялічыўся амаль у чатыры разы.

Таксама дырэктар адзначыла, што пакупнікі вялі сябе дастаткова прыстойна, толькі самыя стомленыя перамяшчаліся па гандлёвай зале ў цялежцы для тавараў.

Не пуставалі столікі ў кафэ «Смак» пры ПУГП «Віталіч-Торг», куды пастаянна і з задавальненнем прыходзіла моладзь падмацаваць свае сілы.

Рост колькасці наведвальнікаў магазіна «Еўраопт», як расказала яго дырэктар Марына Лабуць, таксама пачаў адчувацца ў чацвер. У пятніцу пакупнікоў было менш, затое спажывецкая карзіна ў гэты дзень была важкай. У суботу ж назіралася адваротная карціна: таварны чэк таннейшы — людзей больш.

Няцяжка здагадацца, што госці свята і тут куплялі першнаперш танізуючыя, слабаалкагольныя і алкагольныя напіткі. Каб адчуць прахалоду, размяталі марожанае. Халоднага ласунку за чацвер — пятніцу прадалі 9 536 порцый. На ўра ішоў шашлык рознага гатунку. Напрыклад, са свініны за гэтыя ж дні прадалі 552 кг, а курынага — 465 кг. Размяталася з прылаўкаў выпечка і кандытарскія вырабы ўласнай вытворчасці.

Безумоўна, нягледзячы на тое, што працавалі ўсе касы, чэргі былі вялікія. Але, адзначыла М. Лабуць, пакупнікі з разуменнем адносіліся да гэтага і паводзілі сябе прыстойна.

Замежныя госці ацанілі зручнасць знаходжання ў магазіне пункта абмену валюты.

Зразумела, работнікам гэтых гандлёвых кропак давялося працаваць у аўральным рэжыме. Але хочацца спадзявацца, што дзякуючы іх намаганням госці фестывалю засталіся задаволены абслугоўваннем і паехалі ад нас з прыемнымі ўражаннямі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *