Намаганнямі Святланы Балобанавай звычайны экалагічны клас гімназіі ператварыўся ў аазіс

Люди
Жыццё чалавека з самага першага кроку звязана з прыродай. Таму з дзяцінства трэба вучыцца жыць у згодзе з яе законамі. Зрабіць гэта можна на занятках экалагічнага накірунку, якія праводзяцца ва ўстановах адукацыі нашага раёна.

Значная ўвага ўзаемадзеянню людзей і прыроды надаецца ў выхаваўчым працэсе гімназіі, дзе створаны цудоўны экалагічны клас. Гаспадыняй гэтага аазіса ўжо 15 гадоў з’яўляецца Святлана Балобанава.

Спачатку, узгадвае жанчына, у кабінеце быў невялікі акварыум, некалькі хамякоў і мноства хатніх раслін. З цягам часу ён папаўняўся новымі жывёламі, мяняўся і яго інтэр’ер. Сёння гэта сучасны прыгожы клас, дзе гімназісты з задавальненнем вучацца разумець і берагчы прыроду, ды і проста праводзіць вольныя хвіліны.

У клопатнай гаспадарцы С. Балобанавай знаходзяцца чатыры акварыумы, самы вялікі з якіх на 260 літраў, некалькі відаў хамякоў, марскія свінкі, папугайчыкі і нават мадагаскарскія тараканы. І, вядома ж, шмат разнастайных кветак. Зразумела, уся гэта прыгажосць патрабуе грунтоўнага і правільнага догляду.

— Пра асаблівасці сваіх гадаванцаў, — расказвае суразмоўніца, — чытала ў спецыяльнай літаратуры і інтэрнэце. Асабліва капрызныя рыбкі. Трэба ўлічваць іх сумяшчальнасць, своечасова мяняць ваду, сачыць за яе тэмпературай.

Каб акварыум нагадваў маленькае марское царства, Святлана насяляе яго разнастайнымі па выглядзе і колеры рыбкамі, афармляе водарасцямі і цікавымі акварыумнымі дэкарацыямі. І трэба адзначыць, што адарваць позірк ад гэтага таямнічага свету вельмі цяжка.

Нямала ўвагі патрабуюць і іншыя насельнікі экалагічнага класа. Кожнага трэба пакарміць, папаіць, памяняць у клетках подсціл, ды і проста патрымаць у руках . Як адзначае С. Балобанава, у яе заўсёды ёсць памочнікі, якія з задавальненнем даглядаюць маленькіх гадаванцаў, гуляюць з імі і фатаграфуюцца. Але найбольш цікава назіраць за выхаванцамі дзіцячых садоў, што прыходзяць сюды на экскурсію.

— У маленькіх гарэз так запальваюцца вочкі, — кажа Святлана, — яны з такім захапленнем назіраюць за жывёламі, задаюць столькі пытанняў, што ўсё гэта падштурхоўвае далей удасканальваць і пашыраць наш экалагічны клас. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *