Не ведаеце, у які гурток аддаць дзіця? ЦДіМ запрашае на дзень адкрытых дзвярэй

В свободное время
Не сакрэт, што ўсе дзеці любяць маляваць, спяваць, танцаваць, канструяваць і г. д. Таму клапатлівыя бацькі імкнуцца даць свайму чаду магчымасць паспрабаваць сябе ў розных сферах, каб набыць новыя ўменні, рэалізаваць свае здольнасці і, магчыма, знайсці любімую справу на ўсё жыццё. І ў гэтым дапамогуць таленавітыя і крэатыўныя педагогі цэнтра дзяцей і моладзі.

Сёлета, дарэчы, як і заўсёды, супрацоўнікі дзіцячай планеты творчасці сустрэнуць сваіх выхаванцаў з новымі цікавымі ідэямі.

Кожная добрая гаспадыня павінна ўмець трымаць у руках іголку. Гэтаму майстэрству дзяўчаты змогуць навучыцца ў гуртку «Гузічак». Для заняткаў ва ўстанове стварылі ўсе неабходныя ўмовы, устанавілі швейныя машынкі.

Тым, хто захапляецца тэхнікай і хоча пра яе ўсё ведаць, да таго марыць ствараць уласнымі рукамі розныя мадэлі, абавязкова прыйдуцца даспадобы гурткі тэхнічнага накірунку. Таленавітыя педагогі навучаць дзяцей вырабляць тэхніку і архітэктурныя аб’екты з розных матэрыялаў.

Для вучняў 3 — 6 класаў адкрыецца камп’ютарны гурток, дзе яны пад кіраўніцтвам педагога авалодаюць праграмай, якая дазваляе ствараць уласныя інтэрактыўныя праекты: гульні, мультфільмы, навучальныя сістэмы.

Рухавых хлопчыкаў і дзяўчынак запрашаюць на сучасныя і ўсходнія танцы, а рукадзельнікаў — ляпіць вырабы з гліны.

Зрабіць свой дом утульным і прыгожым з дапамогай хатніх раслін, кампазіцый з сухіх кветак, карцін з гарбаты навучаць у цікавым гуртку «Флор-дэкор».

Педагог Жанна Бароўка запрашае на гурток «Флор-дэкор».

Тут жа дзеці пазнаёмяцца з сакрэтамі чайнай цырымоніі, а таксама з рознымі рэцэптамі гэтага напітку.

З 12 гадоў падлеткі могуць асвоіць азы кіравання мапедам, а з 14 — матацыклам.

Будучых снайпераў запрашае гурток «Юны стралок», акрамя заняткаў па стральбе, будуць яшчэ праходзіць спаборніцтвы і ладзіцца цікавыя сустрэчы з пагранічнікамі.

Для маленькіх даследчыкаў навакольнага свету працягвае работу школа ранняга развіцця, праграма заняткаў якой размеркавана па чатырох напрамках — інтэлектуальна-развіваючым, вакальным, харэаграфічным і дэкаратыўна-прыкладным.

Адноўленны клас школы ранняга развіцця чакае сваіх выханванцаў.

Зрабіць свой вольны час яскравым і цікавым, навучыцца дэкаратыўнаму дызайну могуць і дарослыя. Для іх сёлета цэнтр арганізуе шмат разнастайных гурткоў на платнай аснове.

І гэта невялікая частка таго, што прапануюць сваім наведвальнікам педагогі творчага свету.

Той, хто актыўны і крэатыўны, шукае выхад свайму таленту, смела можа ісці на арбіту дзіцячай планеты ЦДіМ.

А каб больш падрабязна пазнаёміцца са шматлікімі гурткамі і іх кіраўнікамі, адміністрацыя ўстановы запрашае ўсіх жадаючых прыйсці 25 жніўня на дзень адкрытых дзвярэй. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *