Галоўная крыніца інфармацыі для жыхароў Браслаўскага раёна

Калейдоскоп
Раённая прэса — асаблівы від друкаваных СМІ, паколькі яе ўвага сканцэнтравана на аспектах жыцця грамадства, якія не асвятляюцца іншымі выданнямі. Мясцовая газета з’яўляецца адной з галоўных крыніц інфармацыі для жыхароў пэўнага рэгіёну.

Так лічыць і загадчык аддзялення дадатковага навучання дарослых Відзаўскага каледжа Франц Дуброўскі. Ён дасканала памятае, што «Браслаўскую звязду» пачаў выпісваць у 1967 годзе, калі вярнуўся са службы ў арміі. Вось і атрымліваецца, што ўжо паўстагоддзя мужчына з’яўляецца пастаянным падпісчыкам раёнкі. І да сённяшняга часу кожную сераду і суботу з нецярпеннем чакае яе свежы нумар.

Але першае знаёмства з мясцовым выданнем адбылося намнога раней.

— Яшчэ калі быў школьнікам, — узгадвае суразмоўца, — заўсёды сустракаў мужа сваёй старэйшай сястры, які на той час працаваў паштальёнам. З цікавасцю даставаў з яго вялікай сумкі розныя газеты і чытаў. Безумоўна, была сярод іх і раёнка.

Зразумела, тая «Браслаўская звязда» значна адрознівалася ад цяперашняй. Сёння гэта яркае сучаснае выданне разнастайнага пазнавальнага характару.

Асабліва радуюць матэрыялы пад рубрыкай «Чалавек і яго справа», бо яны расказваюць пра дбайных працаўнікоў Браслаўшчыны. Часам прачытаеш пра знаёмага — і быццам сустрэўся з ім, пагаварыў па душах.

Абавязкова звяртаю ўвагу на артыкулы гістарычнага накірунку, цікаўлюся інавацыйнымі праектамі, якія ўкараняюцца ў нас, — кажа Ф. Дуброўскі. — Шмат прыемных хвілін дастаўляюць «Нявыдуманыя гісторыі» і анекдоты. Падчас прагляду тэлепраграмы знаёмлюся з анонсамі фільмаў.

Як работніка адукацыі, мяне цікавяць матэрыялы пра дзейнасць настаўнікаў і школ раёна, дасягненні вучняў, навіны педагагічнай дзейнасці.

Не абыходжу ўвагай апошнюю старонку, дзе друкуюцца віншаванні і спачуванні, рэкламныя аб’явы.

Напрыканцы сустрэчы Ф. Дуброўскі пажадаў, каб і ў далейшым журналісцкае пяро супрацоўнікаў газеты было вострым, захавалася актуальнасць друкаванага слова, а таксама пажадаў яшчэ больш пастаянных падпісчыкаў. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *