Рамонт цепласетак, асвятленне ў падвалах і раздзельны збор смецця — мы знайшлі адказы на цікавячыя браслаўчан пытанні

Спрашивайте-отвечаем
На мінулым тыдні ад жыхароў Браслава ў рэдакцыю «Браслаўскай звязды» паступілі 3 пытанні, якія тычацца дзейнасці КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік»:
Калі будзе засыпаны пасля замены цеплатрасы катлаван па вул. Школьнай?
Якім нарматыўным дакументам кіруецца «Браслаў-камунальнік», адключаючы асвятленне ў падвалах грамадзян шматкватэрных дамоў?
Як гараджанам прыватнага сектара забудовы здаваць другасныя матэрыяльныя рэсурсы?

За адказамі на іх карэспандэнт газеты звярнуўся да галоўнага інжынера прадпрыемства Пятра Белуся.

Першае пытанне адпала натуральным чынам, бо ў адпаведнасці з планам выконваемых работ тэхніка камунальнай службы 14 чэрвеня зараўняла катлаван.

Наконт асвятлення Пётр Бялусь патлумачыў, што галоўным дакументам, якім кіруецца «Браслаў-камунальнік», адключаючы асвятленне ў падвалах для асабістых патрэб, пакідаючы яго ў рабочым стане толькі на цэнтральных праходах падвальных памяшканняў, з’яўляецца Указ Прэзідэнта ад 31 снежня 2015 года № 535 «Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг», у адпаведнасці з якім жыхары шматкватэрных дамоў з 2016 года сталі цалкам аплачваць расходы на асвятленне месц агульнага карыстання.

Падвалы для асабістых патрэб не адносяцца да месц агульнага карыстання, але ніхто не забараняе мець у іх асвятленне. Толькі, каб на законных падставах карыстацца ў іх электраэнергіяй, неабходна звярнуцца ў «Браслаў-камунальнік» з заявай на заключэнне дагавора на дадатковую паслугу па электразабеспячэнні, самастойна заказаць праект і падключыць сілкаванне асабістага падвальнага памяшкання праз індывідуальны электралічыльнік.

Што тычыцца другасных матэрыяльных рэсурсаў, то з іх здачай насельніцтвам галоўны інжынер не бачыць ніякіх праблем. Па-першае, у горадзе амаль 30 спецыяльных кантэйнерных пляцовак, па-другое, можна самастойна прывезці паперу, шкло, палімерныя адходы, а таксама электроннага і электрычнага абсталявання, бытавую тэхніку на прыёмачныя пункты, якія знаходзяцца ў Відзах, Друі, Слабодцы і Ахрэмаўцах, у райцэнтры — у двары гасцініцы, а з пачатку ліпеня пачне працаваць і па вул. Савецкай, 101.

Зразумела, што не ва ўсіх грамадзян існуе такая магчымасць. Таму можна патэлефанаваць у дыспетчарскую службу па нумары 62-0-01, зрабіць у ёй заяўку, і на працягу некалькіх дзён тэхніка камунальнай службы забярэ другасныя рэсурсы.

Ад сябе як аўтара гэтага артыкула хачу дадаць, што ў прыватным сектары забудовы заўжды ёсць падсобныя памяшканні, дзе магчыма часова складзіраваць адходы шкла, паперы ці пластыку, а па меры іх накаплення рабіць заяўку ў ЖКГ, каб не атрымалася так, што трактар камунальнікаў прыехаў за адной бутэлькай. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *