Юныя браслаўчане атрымалі пашпарты

Актуальное

Найбольш таленавітыя навучэнцы Браслаўшчыны, пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў, спаборніцтваў, актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці і грамадскага жыцця ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі пашпарты ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства адбылося ў рамках Усебеларускай патрыятычнай акцыі БРСМ «Мы — грамадзяне Беларусі!».

Урачыстая цырымонія адбылася ў гімназіі, дзе з рук пракурора раёна Юрыя Кезіка і начальніка аддзела па грамадзянстве і міграцыі Браслаўскага РАУС Юліі Крупенька юныя браслаўчане атрымалі свой першы і галоўны дакумент — пашпарт. Разам з ім моладзі ўручалі памятнае маляўнічае выданне «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь», дзе выкладзены асноўныя артыкулы Канстытуцыі краіны, інфармацыя пра заканадаўчыя акты і іншыя пазнавальныя матэрыялы.

Пасля ўручэння пашпартоў юныя браслаўчане разам прамовілі клятву маладога грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Сваё віншаванне з нагоды значнай падзеі ў жыцці адрасавала ім ад імя бацькоў, якія таксама былі запрошаны на мерапрыемства, браслаўчанка Таццяна Шапялюк. Ад школьнікаў словы прызнання ў любві да сваёй краіны выказала вучаніца сярэдняй школы № 1 Надзея Багдановіч.

Будучыню краіны будаваць маладым — гэта адзін з лозунгаў БРСМ. Ён найлепш адлюстроўвае надзеі, якія ўскладае дзяржава на сваіх юных грамадзян. Менавіта ад іх залежыць, якой наша Беларусь будзе праз некалькі дзясяткаў гадоў. Свой першы крок у дарослае жыццё маладыя людзі ўжо зрабілі: атрымалі пашпарты, а значыць, сталі часцінкай вялікай сям’і беларусаў. Няхай яны з гонарам нясуць званне — грамадзянін Рэспублікі Беларусь!

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.