Альтэрнатыўная служба на Браслаўшчыне

Люди

У снежні 2016 года ў ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс» праходзіць альтэрнатыўную службу былі накіраваны два юнакі. Аднаго з іх, Сяргея Кажушку, накіравалі працаваць аператарам машыннага даення на МТФ «Гайлешы».10

Мінуў год, і я зноў сустрэўся з Сяргеем, пра якога расказваў тады ў «Браслаўскай звяздзе». Нагадаю, хлопец нарадзіўся ў Казахстане, затым з бацькамі пераехаў на пастаяннае месцажыхарства ў Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці. У адрозненне ад двух старэйшых братоў, якія адначасова былі прызваны на абавязковую воінскую службу, Сяргей па рэлігійных матывах выбраў альтэрнатыўную.

Прызнаюся, мяне вельмі здзівілі перамены, якія за гэты час адбыліся з юнаком. Год назад маім субяседнікам быў напужаны хлопчык, з якога даводзілася выцягваць па слове ў мінуту, да таго ж і размаўляў ён неяк незразумела. Цяпер жа сустрэў вясёлага, жыццярадаснага юнака, за якім не паспяваў запісваць пра ўражанні і падзеі, якія адбыліся з ім за год альтэрнатыўнай службы.

Гэтай восенню, пасля пастаноўкі дойнага статка на зімовае ўтрыманне, Сяргея перавялі працаваць аператарам машыннага даення на МТФ «Ахрэмаўцы». Як і на гайлешскай ферме, калектыў хлопца прыняў сардэчна, за што ён вельмі ўдзячны. У цэлым «баец» і работай, і ўмовамі пражывання задаволены. Калі раней умеў прыгатаваць сабе толькі яечню ці печаную бульбу, цяпер навучыўся варыць супы і баршчы, увогуле, як сам кажа, стаў адмысловым кулінарам.

Па нядзелях дояру прадстаўляюц- ца выхадныя і ён едзе ў Браслаў на малебен. Сярод аднавернікаў знайшоў шмат сяброў. Не цураецца і мясцовай моладзі, рэгулярна наведвае бібліятэку. Ужо заслужыў і першы кароткачасовы водпуск, у час якога з’ездзіў дамоў, дапамог бацькам выкапаць бульбу. Не парваў Сяргей сувязі і з братамі. Абодва служаць у Слоніме ў танкавай часці. У старэйшага, расказваў, была задума падпісаць кантракт на далейшую службу, аднак цяпер, калі да дэмабілізацыі засталося некалькі месяцаў, перадумаў.

Не прамінуў я ў размове, каб не запытаць пра распарадак дня. Маладому, вядома, рана ўставаць з ложка цяжка. Хлопец жа сказаў, што яму вельмі падабаецца такі расклад жыцця: раніцай з дойкі вярнуўся — свабодны, пасля абеду зноў перапынак, вечарам жа наогул шмат часу застаецца на асабістыя справы. Адным словам, па ўсім было бачна, што Сяргей ніколькі не шкадуе, што замест года з паловай абавязковай страявой службы яму давядзецца цягнуць лямку тры гады альтэрнатыўнай. Пры такім вясёлым настроі, з якім размаўляў юнак, не ўтрымаўся і яшчэ ад аднаго пытання: ці не завёў ён тут сабе сяброўку? І па тым, як засвяціліся яго вочы, па ўсмешцы зразумеў, што трапіў у цэль. Ёсць дзяўчына, ёсць і думкі пра вяселле. Такая вось яна, альтэрнатыўная служба.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *