У «Агравідзах» свая спецыфіка. Інтэрв’ю з дырэктарам сельгаспрадпрыемства Уладзімірам Залатухам

Экономика и финансы

33Два комплексы з круглагадовым бязвыпасным утрыманнем жывёлы ўносіць сваю спецыфіку ў работу раслінаводчай галіны акцыянернага таварыства «Агравідзы», дзе ўся структура пасяўных плошчаў скіравана на адну мэту — атрымаць больш травяністых кармоў і зернефуражу. І, трэба сказаць, у папярэднія гады гаспадарка з гэтай задачай спраўлялася. Пры сёлетніх жа ўмовах надвор’я зрабіць гэта было праблематычна. Сваімі думкамі пра тое, як будзе зімаваць грамадскі статак, з «Браслаўскай звяздой» падзяліўся дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Залатуха.

— Уладзімір Антонавіч, калі ў вас быў яшчэ толькі адзін комплекс, у адрозненне ад усіх астатніх гаспадарак, пасля пачатку жніва на вашых палетках працягваўся сезон корманарыхтоўкі. Механізаваны атрад працаваў да марозаў. Цяпер ён задзейнічаны?

— Сапраўды, кожны год мы пачынаем касьбу ў маі і заканчваем у лістападзе. Звычайна на восень у нас заставаліся травы ва ўрочышчы «Паддзісенне», адтуль і вазілі апошнія тоны зялёнай масы. У гэтым жа годзе сітуацыя значна ўскладнілася. Буксуючы па пераўвільготненых палетках, у прамым сэнсе слова парвалі 2 КВК-800. Дык каб зусім не застацца без кормаўборачных камбайнаў, змянілі тактыку. На сенажаці выходзяць лёгкія касілкі, затым граблі. А з валкоў зялёную масу падбіраем рулонным прэс-падборшчыкам. Нашы ўмельцы аснасцілі яго спаранымі коламі. Праўда, кожны запрасаваны рулон даводзіцца вывозіць да дарогі, адкуль яго і забіраюць трактары. Ля ферм рулоны размотваем і кормім жывёлу, экано- мячы тым самым закладзены на зіму сянаж.

— Памятаю, вы неяк гаварылі, што для кармлення грамадскага статка на год патрэбна мець не менш за 4 тысячы тон збожжа. Сёлетні намалот якраз адпавядае гэтай лічбе. Значыць, з фуражом праблем не будзе?

— Чаму ж не будзе? Акрамя фуражнага, мы павінны засыпаць яшчэ і паўтары тоны насеннага зерня. Таму якраз гэтага аб’ёму нам і не хапае. Праўда, ужо вясной, пасля таго, як не паспелі засеяць яравымі ўсе адведзеныя плошчы, ужо прадбачылі недабор ураджаю. Таму з ліпеня пачалі закупляць канцэнтраты. Кожны месяц для дойнага статка завозім па 45 тон камбікорму КР-60, для цялят — па 12 тон КР-1 і столькі ж заменніка цэльнага малака. Для груп дарошчвання маладняку вырабляем уласны камбікорм з усімі неабходнымі дабаўкамі.

— Раней для комплексу па адкорме БРЖ вы закладвалі ў траншэі плюшчанае і здробненае зерне. Няўжо адмовіліся ад такой тэхналогіі?

— Ды не. Шляхам праводзімага некалькі гадоў запар эксперыменту па скормліванні плюшчанага і здробненага зерня прыйшлі да высновы, што рэцэпт прыгатавання апошняга дае значна вышэйшую аддачу. Таму сёлета кансервавалі толькі здробненае. Яго засыпалі 770 тон і выкарыстоўваем для адкормачнага пагалоўя. Нарыхтаванай масы хопіць якраз да новага ўраджаю.

— Паколькі размова зайшла пра новы ўраджай, хочацца запытаць, якім ён будзе і ці будзе наогул, бо, мяркуючы па аб’ёмах восеньскай сяўбы, недабор у будучым годзе ўжо лунае ў паветры.

— Трэба ж спадзявацца на лепшае. Сапраўды, замест запланаваных пад восеньскую сяўбу 1 200 гектараў збожжавымі паспелі заняць толькі 400 га. Яшчэ пасеялі 150 гектараў рапсу. А вось падрыхтаванае пад азімую сурэпіцу поле так і пайшло ў зіму пустым.

Зыходзячы з цяперашніх абставін, імкнёмся як мага больш тэхнікі выпраўляць на зяблевае ворыва, каб вясной закрыць яравымі збожжавымі ўсе плошчы. Не верыцца, што наступная вясна будзе такой дажджлівай, як гэты канец лета і восень, — хопіць ужо нашым хлебаробам выпрабаванняў. А пакуль ёсць надзея вясной закрыць усе восеньскія прабелы, будзем рыхтаваць тэхніку, каб мець магчымасць засеяць усе палеткі. Іншага выйсця не бачу.

Гутарыў Аляксандр АЗЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *