Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі адзначыў сваё 15-годдзе

Калейдоскоп

Адно з самых буйных грамадскіх аб’яднанняў краіны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі 6 верасня адзначыў сваё 15-годдзе. Такая дата дазваляе азірнуцца назад і паглядзець, якія добрыя справы былі рэалізаваны, колькі актывістаў прынялі ў іх удзел. Увесь гэты час насычанае жыццё вядзе і раённы камітэт маладзёжнай арганізацыі.

1

— Зараз БРСМ аб’ядноўвае ў сваіх радах каля 500 тысяч юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 31 года. У райкаме арганізацыі 76 пярвічак, амаль 1200 членаў, што складае 27 % ад агульнай колькасці моладзі Браслаўскага раёна. І гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці. Невыпадкова, што для многіх з іх БРСМ стаў не проста абрэвіятурай, а неад’емнай часткай насычанага падзеямі жыцця, магчымасцю рэалізаваць свае здольнасці, знайсці сяброў і цікава правесці вольны час, — адзначае галоўны спецыяліст райкама БРСМ Святлана Лапыр.

Прайшло 5 гадоў з таго моманту, як дзяўчына прыйшла ў райкам БРСМ. І, як прызнаецца, чым дольш яна працуе, тым больш упэўніваецца, што на Браслаўшчыне актыўная і ўсебакова развітая моладзь. Райкам жа ў сваю чаргу стараецца не адставаць ад яе.

Ён працуе над фарміраваннем у маладога пакалення пачуцця патрыятызму, арганізацыяй другаснай занятасці, прафілактыкай злачынстваў і правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі, прапагандай здаровага ладу жыцця, развіццём валанцёрскага і экалагічнага рухаў. Пра гэта сведчаць шматлікія мерапрыемствы, якія на працягу 15 гадоў ладзіліся для маладосці ў нашым раёне. Гэта «Вясёлыя старты», «Снежныя фігуры», шматлікія акцыі, лазертаг, «Уладар сяла», «Браслаўская юшка», «Браслаўскі шар», «Школьны марафон», забег на абцасах, «Моладзь — ветэранам», аўтапрабег, «Парад калясак», «Аўталедзі»… Многія з іх упершыню прайшлі менавіта на Браслаўшчыне, і ўжо пасля гэтага сталі ладзіцца ў іншых рэгіёнах. Да таго ж наша моладзь актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным, культурным і спартыўным жыцці аб’яднання і раёна. Так, нельга не ўспомніць пасяджэнне Маладзёжнай палаты і падвядзенне ў гэтым годзе справаздачна-выбарнай канферэнцыі раённай арганізацыі БРСМ. За 15 гадоў у райкама наладжаны сувязі з шэрагам арганізацый і фарміраванняў раёна, што дазваляе аб’яднаць сілы на добрыя справы.

Галоўную ролю ў кожным грамадскім аб’яднанні адыгрываюць людзі. Райкам БРСМ ганарыцца сваёй актыўнай моладдзю. Гэтыя 15 гадоў кіравалі раённым аб’яднаннем 6 першых сакратароў, кожны з якіх унёс свой уклад у развіццё БРСМ. Шмат імён актывістаў прыводзяць у райкаме ў якасці прыкладу: сакратар пярвічкі БРСМ СШ № 2 Аляксандра Яфімава, намеснік начальніка пагранзаставы «Плюсы» Аляксей Мутшаль, бухгалтар СВК «Маяк Браслаўскі» Ганна Болер, начальнік пагранзаставы «Друя» Ілья Катляронак, інспектар РАНС Яўген Пяткевіч і іншыя. А вось сярод пярвічак лепшымі адзначаюць ЦРБ, Опсаўскую школу, СШ № 2, гімназію.

— Увогуле ж нашым маладым людзям уласцівыя энтузіязм, энергічнасць, ініцыятыўнасць. Няхай гэтыя якасці і надалей будуць праяўляцца ў іх дзейнасці ў радах БРСМ, мы ж, як і раней, будзем аб’ядноўваць маладых людзей і рабіць іх жыццё насычаным, — адзначае Святлана Лапыр.

У святочны дзень у адрас райкама БРСМ гучала шмат пажаданняў. З віншаваннямі да галоўнага спецыяліста Святланы Лапыр завіталі і актывісты БРСМ СШ № 2 Аляксандра Яфімава і Караліна Дрозд, якія і трапілі ў аб’ектыў фотаапарата.

■ Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *