Жанна Акула другое скліканне запар з’яўляецца старшынёй Мяжанскага сельсавета

Калейдоскоп Люди

Пачуць усіх, дапамагчы кожнаму. Менавіта з такім жыццёвым крэда працуе Жанна Акула, якая ўжо другое скліканне запар з’яўляецца старшынёй Мяжанскага сельсавета.1

Педагог па адукацыі, яна і не думала, што ў яе прафесійным лёсе могут адбыцца карэнныя змены. А гэтаму ў многім паспрыяла актыўнасць, ініцыятыўнасць і камунікабельнасць Ж. Акулы. І вось ужо сем гадоў яна на адказнай пасадзе жыве праблемамі падведамных сельскаму Савету населеных пунктаў.

Спектар абавязкаў старшыні даволі шырокі, але прыярытэтам у сваёй рабоце Жанна Міхайлаўна лічыць клопат пра людзей.

Сельсавет для вяскоўцаў, — кажа Ж. Акула, — першая інстанцыя, куды яны звяртаюцца са сваімі бедамі і праблемамі. Таму важна выслухаць чалавека і прыкласці ўсе намаганні, каб дапамагчы яму. Людзі павінны адчуваць клопат і зацікаўленасць мясцовай улады да іх патрэб.

Безумоўна, людскія праблемы не чакаюць прыёмнага часу, таму старшыні даводзіцца штодзень вырашаць набалелыя пытанні вяскоўцаў. Вулічная лямпачка ў ліхтары перагарэла, цепліць печ нечым, дрэва пагражальна нахілілася, столь працякае, аўталаўка спазнілася і г. д. З малымі і вялікімі сваімі бедамі людзі звяртаюцца да старшыні. Да тако ж даводзіцца развязваць жыццёвыя вузлы, выступаць міратворцам у сямейных канфліктах. З такіх, здавалася б, дробязных у агульным, але злабадзённых для канкрэтнага чалавека пытанняў і складаецца як рабочы, так і выхадны дзень старшыні сельсавета.

Плошча Мяжанскага сельсавета складае 20 416 га. На яго тэрыторыі знаходзіцца 69 населеных пунктаў, у якіх жыве 1 561 жыхар, у тым ліку працаздольнага ўзросту — 945, дашкольнага — 90, школьнага — 86, пенсіянераў — 440. За бягучы год у сельвыканкаме зарэгістравана 6 нараджэнняў і 8 смярцей.

Неабыякавая і добрасумленная Жанна Міхайлаўна па першым званку спяшаецца на дапамогу, і калі праблема вырашана, значыць, дзень прайшоў не дарэмна.

Душой хварэе старшыня Мяжанскага сельсавета за сваю малую радзіму, клапоціцца, каб на яе тэрыторыі заўсёды было чыста і прыгожа. Таму добраўпарадкаванню тут надаецца вялікая ўвага.

Работы ў сельскай мясцовасці хапае, — адзначае Ж. Акула. — У якую вёску ні зазірні, усюды знойдзеш месцы, дзе трэба навесці парадак. Але без агульнага жадання і падтрымкі зрабіць населеныя пункты прыгожымі і прывабнымі немагчыма.

Таму, дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з дэпутацкім корпусам, старэйшынамі, кіраўніцтвам ААТ «Мяжаны», рэгулярна высякаецца хмызняковая расліннасць на прыдарожнах палосах, выдаляюцца аварыйныя дрэвы, ствараюцца малыя архітэктурныя формы. Праведзены маштабныя работы па добраўпарадкаванні на трусаферме ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Да таго ж сёлета ліквідаваны 24 несанкцыянаваныя звалкі, знесены лядашчы дом, праведзена рэкультывацыя мініалігонаў у в. Карасіна, агр. Мяжаны, в. Урбаны. А каб у будучым на тэрыторыі сельсавета не з’яўляліся стыхійныя звалкі, з КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» заключаны 301 дагавор на вываз цвёрдых бытавых адходаў.

Сёлета ў населеных пунктах высечана 15,6 га дрэвава-хмызняковай расліннасці, пасаджанна 50 дрэў і 40 кустоў, адрамантавана і пафарбавана 8 эстакад для збору малака. З аўкцыёну прададзены грамадзянам 3 зямельныя ўчасткі на суму 2 544,56 руб.

З удзячнасцю кажа старэйшына пра дбайных гаспадароў, чые сядзібы прыцягваюць позірк сваёй прыгажосцю і дагледжанасцю. На жаль, ёсць і неахайныя вяскоўцы і дачнікі, у якіх запушчаны стан панадворка выклікае здзіўленне і абурэнне мясцовай улады. Колькі цярпення, такту трэба праявіць старшыні, каб пераканаць іх навесці парадак каля дома. Памяць пра продкаў, лічыць Ж. Акула, — святы абавязак кожнага сумленнага чалавека.

Таму помнікі загінулым воінам і грамадскія месцы пахавання пастаянна ўтрымліваюцца ў належным стане.

Несумненна, імкненне моладзі ў горад і старэнне мясцовага насельніцтва негатыўна сказваюцца на колькасці асабістых падсобных гаспадарках. А тым сем’ям, якія не ўяўляюць свайго жыцця без каровы-карміцелькі, кіраўніцтва ААТ «Мяжаны» пастаянна дапамагае апрацоўваць прысядзібныя ўчасткі, нарыхтоўваць кармы, выдзяляе пашу.

Безумоўна, існуўюць некаторыя праблемы. Аднак падтрымка кіраўніцтва раёна і гаспадарак, дэпутацкага корпуса і старэйшын, падкрэслівае Жанна Міхайлаўна, спрыяе вырашэнню многіх надзённых пытанняў.

За добрасумленную працу на карысць людзей Жанна Акула сёлета ўзнагароджана граматай Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *