Вольга Драздоўская і Алена Папкова працуюць у Пагашчанскай бібліятэцы

Калейдоскоп Люди

Нават у час высокіх тэхналогій і інтэрнэта бібліятэкар застаецца захавальнікам духоўнай спадчыны народа. У большасці сваёй — гэта людзі, якія па-сапраўднаму любяць кнігу і нястомна яе прапагандуюць. Такі прафесійны шлях выбралі сабе Алена Папкова і Вольга Драздоўская, што працуюць у Пагашчанскай бібліятэцы.1

Больш за 10 гадоў існуе тандэм творчых жанчын. І за гэты час, дзякуючы іх нястомнай энергіі, у памяшканні сельскай скарбніцы кніг пануе хатняя атмасфера цеплыні і ўтульнасці.

Але, несумненна, візітная картка бібліятэкі — добразычлівасць супрацоўнікаў, літаратурныя выставы і тэматычныя паліцы, якія адразу прыцягваюць да сябе ўвагу наведвальнікаў разнапланавасцю і змястоўнасцю.

— Кожнага чалавека сустракаем з усмешкай і добрым настроем, — кажа Алена Папкова, — намагаемся разнастаіць яго шэрыя будні, але галоўнае — зацікавіць да чытання. Каб людзі ішлі ў біліятэку і ў іх душах не пасяліліся нуда і пустэча, сучасны бібліятэкар павінен быць завадатарам і няспынным рухавіком.

Каб дапамагчы маленькім чытачам сфарміраваць добры мастацкі густ і культуру чытання, няўрымслівыя А. Папкова і В. Драздоўская праводзяць у бібліятэцы літаратурныя гадзіны, віктарыны, тэматычныя тыдні, цікавыя экскурсы і пазнавальныя падарожжы. Ужо не першы год тут дзейнічае дзіцячы клуб «Вясёлка», дзе цікаўныя ўдзельнікі абмяркоўваюць прачытаныя кнігі, знаёмяцца з беларускімі традыцыямі і абрадамі, ствараюць прыгожыя дэкаратыўныя кампазіцыі.

Ды і для дарослых вяскоўцаў бібліятэка заўсёды з’яўляецца месцам цікавых, пазнавальных сустрэч і гутарак.

Наладжана тут цесная сувязь з прафарганізацыяй СВК «Маяк Браслаўскі», Домам культуры і Кансталінскім ДСБШ.

Адзін з важных накірункаў дзейнасці бібліятэкараў — патрыятычнае выхаванне аднавяскоўцаў, якое цесна звязана з краязнаўчай справай. У кніжнай скарбніцы сабрана шмат матэрыялаў пра родны край і яго людзей. Дзейнічае цікавы і змястоўны этнаграфічны куток, які ўвесь час папаўняецца новымі незвычайнымі экспанатамі.

Дзякуючы творчаму падыходу і актыўнай грамадзянскай пазіцыі А. Папковай і В. Драздоўскай, сельская бібліятэка стала сапраўдным цэнтрам па прапагандзе нацыянальнай спадчыны, культуры і літаратуры нашай краіны.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *