ВАДА З КАЛОНКІ НЕ ЦЯЧЭ БЯСПЛАТНА

Калейдоскоп Спрашивайте-отвечаем

i-2Днямі ў рэдакцыю “Браслаўскай звязды” прыйшло пісьмо ад браслаўчаніна Віктара Аляшкевіча, у якім ён выказвае сваё здзіўленне тым фактам, што па вуліцы Савецкай каля магазіна “Бытавая тэхніка” дэманціравана водаразборная калонка.

“Жывём мы ўдваіх з жонкай, — піша Віктар Іванавіч. — Абое пажылыя і хворыя людзі: у жонкі — анкалогія, у мяне — арытмія. Водаправода і калодзежа ў нас няма, і мы бралі ваду з калонкі, якая знаходзілася насупраць праз дарогу. І каму яна перашкаджала, незразумела. У выніку мы засталіся без вады. Цяпер трэба прасіць чужых людзей, каб прынеслі яе хоць вядро.”

На пытанне, па якіх прычынах знікла калонка па вул. Савецкай, 81, рэдакцыя газеты папрасіла адказаць дырэктара КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік” Віталія Трафімянкова:

detail_picture_549711— Вулічная водаразборная калонка каля былога магазіна “Літарынка” не дэманціравана знянацку. Справа ў тым, што на аказанне паслуг па водазабеспячэнні менавіта з гэтай калонкі не існавала дагавораў, значыць, ніхто, у тым ліку і В. Аляшкевіч, не плаціў за карыстанне вадой. Зразумела, што яна не цячэ па трубах бясплатна. На яе здабычу, абслугоўванне водаправоднай сеткі і рамонт калонак, з якімі, дарэчы, часта абыходзяцца паварварску, “Браслаў-камунальнік” затрачвае нямала сродкаў. Праз аб’явы жыхароў бліжэйшых дамоў загадзя апавясцілі, што калі не будзе патрэбы карыстацца вадой з калонкі на законных падставах, то яе дэманціруюць. У выніку ніхто не пажадаў заключыць дагавор на водакарыстанне. І такія выпадкі не адзінкавыя не толькі ў горадзе, але і па раёне. Людзей даводзіцца ўгаворваць заключаць з камунальнай службай дагаворы на водакарыстанне, а яны адмаўляюцца. Калі ж справа даходзіць да дэмантажу калонак, пачынаюцца праблемы і скаргі.

У дадзеным канкрэтным выпадку грамадзяніну В. Аляшкевічу прапанавана звярнуцца ў аддзел водна-каналізацыйнай гаспадаркі “Браслаў-камунальніка” з заявай аб выдачы тэхнічных умоў на падключэнне да водаправоднай сеткі. Пасля іх атрымання можна будзе праводзіць работы па падключэнні жылога дома да камунальнага цэнтралізаванага водаправода.

Віталій Трафімянкоў таксама дадаў, што безуліковы расход вады з вулічных калонак вельмі затратны, таму камунальнае прадпрыемства будзе планамерна скарачаць іх колькасць. Найперш гэта закране месцы, дзе налічваецца не шмат абанентаў. З кожным з іх у індывідуальным парадку адбудзецца размова наконт магчымасцей падключэння жылля да цэнтралізаванага водаправода. Як адзін з варыянтаў далучэння да водаправоднай сеткі можа быць таксама дапамога з боку спецыялістаў камунальнай службы, прычым аплаціць выкананыя работы ў выключных выпадках магчыма ў растэрміноўку.

■ Казімір ПЯТУШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *