0004

З “Браслаўскай звяздой” шмат гадоў

Власть и общество Люди

0004Вельмі прыемна, што ў нашай раённай газеты ёсць пастаянныя чытачы, якія не развітваюцца з “Браслаўскай звяздой” шмат гадоў. Сярод іх і Ала Цалпан, якая падчас нашай сустрэчы падзялілася сваімі меркаваннямі наконт раёнкі.

‘‘Старонкі раённай газеты з цікавасцю гартала яшчэ ў дзяцінстве, — узгадвае Ала Міхайлаўна, — бо яе выпісвалі мае бацькі. А калі пасля вучобы ўладкавалася на сваё першае месца працы — метадыстам у Доме піянераў, пачалося больш цеснае знаёмства і супрацоўніцтва з выданнем. Часта і самой даводзілася публікаваць матэрыялы пра жыццё і дзейнасць браслаўскіх школьнікаў.

Разам з часам мяняўся змест, структура і характар “Браслаўскай звязды”, — падкрэслівае чытачка. — Падабаецца тое, што газета змяшчае шмат разнастайных матэрыялаў. І сёння яна для мяне з’яўляецца крыніцай інфармацыі пра ўсё самае актуальнае, што адбываецца ў раёне, пра дзейнасць мясцовых органаў улады, калектывы сельскагаспадарчых арганізацый, прамысловых прадпрыемстваў, устаноў сацыяльнай сферы, прадпрымальніцтва.

Абавязкова звяртаю ўвагу на матэрыялы пад рубрыкай “Чалавек і яго справа”, “У святле захапленняў”, дзе расказваецца пра людзей нашага краю, — адзначае Ала Цалпан. — Часта знаёмы чалавек раскрываецца зусім з іншага боку, бо даведваешся пра яго нешта новае. Вельмі добра, што журналісты не забываюць і пра маладых спецыялістаў, пра іх вольны час.

А вось дзякуючы старонцы “Блакітны разліў”, можна пазнаёміцца з таленавітымі паэтамі Браслаўшчыны. Як педагога мяне цікавяць матэрыялы пра дзейнасць настаўнікаў і школ раёна, дасягненні нашых вучняў, навіны з аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. З пяшчотнай настальгіяй чытаю рубрыку “Б/З і час”, дзе ўзгадваюцца падзеі мінулых гадоў’’.

Напрыканцы сустрэчы Ала Міхайлаўна пажадала калектыву рэдакцыі і далей знаходзіць разнастайныя злабадзённыя матэрыялы, каб газета заставалася цікавай і шматпланавай.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.