Нараджэнні, шлюбы і не толькі…

Актуальное

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Звычайна, калі ўзгадваецца аддзел ЗАГС, у памяці ўсплываюць самыя прыемныя і радасныя моманты жыцця: рэгістрацыя шлюбу, нараджэнне дзіцяці. Аднак у аддзеле выконваюцца дзясяткі розных іншых працэдур: ад устанаўлення бацькоўства, да выдачы пасведчання пра смерць. Мінулы год таксама быў розным на падзеі ў жыцці браслаўчан.

— За 2015 год у раёне было зарэгістравана 238 нараджэнняў (на 28 менш, чым у 2014 годзе), а таксама 473 смерці (на 44 менш). З іх па аддзеле ЗАГС — 135 нараджэнняў і 235 смярцей. Лідзіруюць па колькасці нованароджаных Відзаўскі і Опсаўскі сельсаветы, — адзначае начальнік аддзела ЗАГС Галіна Юрэнка.

Што датычыцца нараджальнасці, то зараз у краінах Еўропы адзначаецца тэндэнцыя, калі бацькамі становяцца ў больш сталым узросце, а вось свайму дзіцяці даюць двайныя ці незвычайныя імёны. Браслаўчане ў гэтым плане за моднымі тэндэнцыямі не гоняцца. Узрост мам і тат розны: і ў 20 становяцца бацькамі, і ў амаль 40 гадоў. Двайнымі імёнамі дзяцей не называлі, а вось даволі рэдкія сустракаліся. У хлопчыкаў гэта Дамір, Сямён, Макар, Ян і Уладзіслаў, у дзяўчынак — Адэліна, Міраслава, Мішэль, Санія і Таміла. Аднак часцей бацькі называлі малых больш звыклымі і папулярнымі імёнамі, такімі як Максім, Дзмітрый, Кірыл, Дзяніс, Мікіта, Сафія, Настасся, Ангеліна, Вікторыя і Паліна. Увогуле ж за год дзяўчынак нарадзілася больш (123), чым хлопчыкаў (115).

— Бадай самым прыемным момантам у рабоце супрацоўнікаў ЗАГСа з’яўляецца рэгістрацыя шлюбаў. За мінулы год у раёне звязалі сябе вузамі Гіменея 232 пары, што на 30 больш, чым у 2014 годзе. З іх непасрэдна ў ЗАГСе — 194. Гэта як маладыя людзі, так і тыя, для каго шлюб не першы, — расказвае Г. Юрэнка.

Тэндэнцыя апошніх гадоў паказвае, што пары ў апошні час усё больш аддаюць перавагу юрыдычнаму афармленню, а не грамадзянскаму шлюбу. Змяніўся і ўзрост жадаючых стварыць сям’ю. Так, сярэдні ўзрост мужчыны — 29 год, а жанчыны — 27. Ва ўзросце да 18 гадоў у нас былі 4 нявесты, тых, каму споўнілася 18 — 2 жаніха і 4 нявесты, а вось 5 чалавек заключылі шлюб ва ўзросце за 60 гадоў. Стала больш пар, дзе жаніх старэйшы за нявесту. Як кажуць, каханню ўсе ўзросты падуладны. Даволі часта сустракаюцца шлюбы з замежнымі грамадзянамі. У мінулым годзе такіх зарэгістравана 19, у асноўным з жыхарамі Расіі, Літвы, Латвіі, Украіны, Грузіі і Узбекістана. Даводзілася рэгістраваць шлюбы не толькі ў выхадныя, але і будныя дні. І хоць большасць маладых аддала перавагу традыцыйнай рэгістрацыі ў прыгожай зале ўстановы, двойчы супрацоўнікі ЗАГСа праводзілі выяздныя рэгістрацыі.

Акрамя гэтага, ЗАГС выконваў яшчэ шмат іншых грамадзянскіх працэдур. Было 32 выпадкі (42 па раёне) устанаўлення бацькоўства, 3 перамены прозвішча, 41 справа па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у запісы актаў грамадзянскага стану.

Год толькі пачаўся, а значыць наперадзе ва ўстановы шмат спраў. Вось і нягледзячы на тое, што 2016 год — высакосны, жадаючых стварыць сям’ю дастаткова многа. Толькі ў студзені ў ЗАГСе вузамі Гіменея звязалі сябе 4 пары, яшчэ 23 ужо папярэдне запісаліся на ўрачыстую рэгістрацыю. Як адзначыла Галіна Юрэнка, які год, не так і важна, галоўнае, каб паміж маладымі былі любоў і павага адзін да аднаго, тады далейшы сямейны шлях будзе шчаслівым.

Таццяна Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *