Патрэбны вынік карпатлівай працы

Актуальное

ХодасУ школах Браслаўшчыны працуе шмат выдатных і творчых педагогаў, якія ўпарта і цярпліва вядуць сваіх вучняў па бязмежнай краіне Ведаў, і разам яны ідуць па дарозе значна шырэйшай, чым школьная праграма. Менавіта так рабіла і былая настаўніца гісторыі Слабодкаўскай сярэдняй школы Валянціна Ходас.
У 1978 годзе маладая жанчына прыехала з мужам у Слабодку з Навагрудчыны, у хуткім часе ўладкавалася ў мясцовую школу. З натхненнем маладая настаўніца апавядала вучням пра гістарычныя падзеі і дзеячаў розных краін і эпох. Але разам з тым В. Ходас добра разумела, што ў першую чаргу трэба добра ведаць сваю малую радзіму. І з падачы свайго старэйшага калегі Барыса Ханчына зацікавілася гісторыяй сваёй мясцовасці. Газетныя і часопісныя публікацыі, кнігі і выданні браслаўскіх краязнаўцаў — усё гэта дасканала вывучала спачатку сама, а потым даносіла сваім вучням. Шмат звестак за гады сваёй прафесійнай дзейнасці пра Браслаўшчыну назапасіла апантанная настаўніца. Асабліва яны спатрэбіліся з увядзеннем у школьны курс факультатыва па краязнаўстве.
А ў 2011 годзе ў Валянціны Іосіфаўны з’явілася ідэя сістэматызаваць свае матэрыялы і падаць у кантэксце гісторыі Беларусі.
— Безумоўна, — кажа В. Ходас, — без дапамогі гэта работа адняла б шмат часу, але на той час у мяне былі здольныя і адказныя вучні 9 і 10 класаў, якія ўваходзілі ў школьнае навуковае таварыства “Спадчына”. Яны падтрымалі маю прапанову.
Так, у верасні пачалася скрупулёзная праца. Кожнаму школьніку на вызначаны тэрмін давалася заданне сабраць матэрыял па пэўным гістарычным перыядзе. З юнацкім запалам дзеці браліся за справу.
Несумненна, сабраць звесткі па гісторыі Браслаўшчыны са шматлікіх крыніц, суаднесці іх з гістарычнымі падзеямі нашай краіны, надрукаваць, адрэдактаваць — задача нялёгкая, патрабуе ўседлівасці, уважлівасці і дасканаласці. Да таго трэба было напоўніць працу адпаведнымі малюнкамі, картамі, схемамі. Да кожнага раздзела вучні распрацавалі заданні і пытанні.
Усе вучнёўскія напрацоўкі Валянціна Іосіфаўна правярала, выпраўляла, тлумачыла памылкі і збірала ў адзінае цэлае.
Вельмі хацелася групе даследчыкаў прадставіць сваю працу на школьнай навукова-практычнай канферэнцыі, таму прыходзілася ахвяраваць сваім вольным часам і выхаднымі. Але гэта было таго вартым.
На канферэнцыі працу «Гісторыя Браслаўшчыны» абаранялі Антон і Алена Мартусевічы, на той час вучні 10 і  9 класаў. Безумоўна, гэта навуковая праца была ацэнена журы самай высокай адзнакай.
Добра разумелі ў навукова-метадычным кабінеце аддзела адукацыі, спорту і турызму ўсю патрэбнасць і значнасць такой працы для вучэбнага працэсу. Таму загадчык НМК Святлана Кук’ян і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Шукель упарта шукалі сродкі і магчымасць надрукаваць яе асобнай кнігай.
Не адзін год аддзел адукацыі, спорту і турызму цесна супрацоўнічае з прыватным выдавецкім унітарным прадпрыемствам “Галіяфы” і асабіста з яго дырэктарам Дзмітрыем Вішнёвым. І калі грошы былі знойдзены, у друкарні пачалася праца па падрыхтоўцы да выдання кнігі, якая цягнулася 8 месяцаў.
І вось на мінулым тыдні ў Слабодкаўскай сярэдняй школе адбылася прыемная ўрачыстасць, падчас якой Д. Вішнёў уручыў В. Ходас ужо надрукаваную кнігу.
Зразумела, любы твор, карціна, выраб для кожнага аўтара ці мастака — гэта ўласнае дзіця. Таму не дзіўна, што ў вачах Валянціны Іосіфаўна, калі яна з хваляваннем узяла кнігу ў рукі, адначасова засвяцілася радасць і выступілі слёзы.
З цікавасцю гартаю кнігу, у якой каля 300 старонак, разглядаю вельмі ўдалую змястоўную вокладку, знаёмлюся са зместам і разумею, што гэта сапраўдны дапаможнік па вывучэнні нашага краю і для педагогаў, і для вучняў.
Кніга выйшла накладам 100 экзэмпляраў — не надта многа. Але пачатак ужо пакладзены. Усе яны разыдуцца па школах. Да таго, як трапна заўважыў Д. Вішнёў, гэта не канчатковы варыянт, бо могуць з’явіцца іншыя звесткі пра наш край, і кнігу можна будзе дапрацаваць.
І сапраўды, на Браслаўшчыне жыве шмат апантанных краязнаўцаў, якія дасканала цікавяцца яе гісторыяй і людзьмі. Таму, магчыма, у хуткім часе гэты дапаможнік для школьнікаў папоўніцца новымі цікавымі фактамі.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.