Атака, удар, гол!

Актуальное

футболФутбол — адна з самых папулярных гульняў у свеце. І нягледзячы на развіццё камп’ютарных гульняў, дзеці па-ранейшаму гуляюць у футбол, мараць быць падобнымі да Мэсі, Раналду, Зідана і іншых футбольных зорак. Ёсць і ў Браславе юныя аматары гэтай гульні.
Я прыйшла паглядзець на трэніроўку дзіцячай футбольнай каманды якраз у той дзень, калі яна рыхтавалася да турніру па пляжным футболе. Адпаведна заняткі ішлі на пляжы возера Дрывята. З хлопчыкамі займаўся Віталь Жук, інструктар-метадыст РФСК “Дрывяціч”.
— Па адукацыі я трэнер па футболе, і калі пачаў працаваць, то заняўся наборам групы. Хадзіў па школах, прапаноўваў дзецям прыходзіць на трэніроўкі. Адразу было шмат жадаючых, нават прыйшлося правесці адбор. Тыя, хто застаўся і не страціў жадання займацца, зараз і складаюць аснову каманды, — расказвае мне В. Жук і адначасова дае заданне дзецям адпрацоўваць удары па варотах. — Займаемся мы звычайна 2 разы на тыдзень па 1,5 гадзіны. Аднак па жаданні дзяцей можам і больш. Зімой заняткі адбываюцца ў спартзале ДЮСШ, а вясной пераходзім на стадыён. Пакуль набрана толькі адна група (16 хлопцаў 1999-2000 г.н. ), а восенню, магчыма, буду збіраць другую. Трэба адзначыць, што заняткі бясплатныя. Ёсць і неабходны інвентар.
Дзіцячая футбольная каманда ўжо паспела заявіць пра сябе на розных турнірах. Напрыклад, сёлета ў сакавіку ў Глыбокім на міжраённых спаборніцтвах па міні-футболе сярод шасці каманд яна заняла другое месца. У футбольных турнірах вобласці хлопцы заўсёды уваходзяць у тройку. Аднак найлепшым дасягненнем трэнер лічыць іх удзел у фінале занальнага абласнога турніру “Скураны мяч” у 2014 годзе.
Захацелася мне пагутарыць і з некаторымі юнымі футбалістамі. І вось што яны расказалі.
Косця Далецкі, СШ № 1: Займаюся я футболам ужо чацвёрты год. Мне вельмі падабаецца ездзіць на спаборніцтвы. Хацелася б і пасля заканчэння школы далей займацца спортам.
Яўген Крукоўскі, СШ № 2: Я люблю футбол. Гуляў за школьную каманду, а пасля мяне заўважыў наш трэнер і запрасіў трэніравацца. Ужо тры гады наведваю футбольную секцыю. Бацькі мае таксама падзяляюць маё захапленне і прыходзяць на матчы, каб падтрымаць.
Вадзім Нарбут, гімназія: Мне падабаецца хадзіць на трэніроўкі. Пры гэтым атрымліваецца сумяшчаць і вучобу, і спорт. Бацькі мае таксама падтрымліваюць маё хобі.
На гэтым я развіталася з хлопцамі, пажадала іх камандзе ўдачы ў трэніроўках і выступленнях. А па дарозе дадому думала, што ўсё ж такі падрастаючае пакаленне аддае перавагу спорту, руху, актыўнаму ладу жыцця. Трэба толькі падтрымліваць іх у гэтым памкненні.

Алена Набеева.
Фота аўтара.