IMG_9164 (Small)

Бібліятэка стала другім домам

Актуальное

IMG_9164 (Small)Такімі словамі на выніковым пасяджэнні работнікаў устаноў культуры пачала свой даклад бібліятэкар з Відзаў Галіна Кандратовіч. Мы часта іх вымаўляем. Але сэнс, які ўкладвае ў гэтыя словы Галіна Іванаўна, прамы, шчыры і без кроплі іроніі.
Кожны дзень 27 гадоў запар яна спяшаецца ў свае кніжныя ўладанні, дзе яе чакаюць сапраўдныя і правераныя часам сябры — кнігі. Акуратна расстаўлены ў алфавітным парадку гэты цуд думкі чалавечай стаіць у маўклівым задуменні, каб у руках сваёй гаспадыні ажыць і загаварыць на розных мовах.
Кіруючыся слушнымі парадамі настаўніцы геаграфіі, выпускніца Відзаўскай сярэдняй школы Галіна Арлоўская падала дакументы ў Пскоўскі педінстытут. Спакойная вясковая дзяўчына не змагла прыжыцца ў пакоі інтэрната з чатырма гарадскімі, з вольным норавам суседкамі, таму хутка збегла дадому. Уладкавалася ў мясцовую бібліятэку, дзе нявопытнага маладога супрацоўніка ўзяла пад сваю апеку бібліятэкар са стажам Людміла Мачан. З радасцю і запалам акунулася Галіна ў чароўны свет кніг.
— Яшчэ у сярэдніх класах мне падабалася гэта прафесія, — узгадвае дзіцячыя мары
Г. Кандратовіч, — напэўна, таму паспрабаваць сябе на іншым попрышчы і не ўдалося.
Як кажуць, лёс не абмінеш. І ўжо на наступны год малады бібліятэкар сумяшчала практычныя навыкі работы з тэарэтычнымі заняткамі ў Мінскім інстытуце на завочным аддзяленні. Паступова работа з кнігамі і людзьмі захапіла настолькі, што стала патрэбай і станам душы. І гэта сапраўды так, бо настолькі акрылена апавядаць пра сваю дзейнасць можа толькі апантаны сваёй работай чалавек.
А расказаць сапраўды ёсць пра што. Візітная картка бібліятэкі — літаратурныя выставы і календары, тэматычныя паліцы, прыгожа і з густам аформленыя, яны адразу прыцягваюць да сябе ўвагу наведвальнікаў сваёй разнапланавасцю і змястоўнасцю. Другі год дзейнічае ў Відзаўскай бібліятэцы праект «Шлях да кнігі», асноўнай задачай якога з’яўляецца прапаганда кніг беларускіх аўтараў. Маляўнічыя і цікавыя літаратурныя навінкі заўсёды займаюць самае пачэснае месца на паліцах бібліятэкі. У рамках гэтага праекта Г. Кандратовіч і Л. Мачан для сваіх чытачоў праводзяць літаратурныя гасцёўні і віктарыны, паэтычныя замалёўкі, акцыі, сустрэчы з мясцовымі пісьменнікамі. Можна толькі здагадвацца колькі сіл затрачана на падрыхтоўку кожнага мерапрыемства. А шматгранная дзейнасць па папулярызацыі беларускай культуры літаральна на днях прынесла відзаўчанам І месца ў абласным туры рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры».
Яшчэ адзін значны накірунак у рабоце бібліятэкараў — краязнаўства. Значныя і незвычайныя матэрыялы па гісторыі свайго краю яны збіраюць па крупінках. Шукаць факты, як апошні кавалак хлеба, пад такім дэвізам працуюць захавальнікі мясцовай спадчыны Галіна Іванаўна і Людміла Спірыдонаўна.
У гэта не пустыя словы. Грунтоўная краязнаўчая картатэка, у якой сабраны матэрыялы пра Відзаўскі край і яго людзей, з’яўляецца надзейным таму доказам. Многія з гэтых звестак немагчыма знайсці ні ў падручніках, ні ў інтэрнэце. І як адзначыла Г. Кандратовіч, усе яны абавязкова правераны і пацверджаны.
Здаровы лад жыцця, уздзеянне шкодных звычак на арганізм чалавека. Колькі выстаў, гутарак, трэнінгаў, дэманстрацый відэафільмаў праводзіцца па гэтай злабадзённай тэме. Напэўна, нават самымі шчырымі мерапрыемствамі немагчыма вылечыць грамадства і моладзь ад заганных звычак.
— Тым не менш , — лічыць Галіна Іванаўна, — калі адзін або два чалавекі з прысутных задумаюцца — гэта ўжо вынік.
Больш за 20 гадоў у чытальнай зале бібліятэкі з задавальненнем збіраюцца аднадумцы аматарскага аб’яднання «Кругагляд». Тэмы яго пасяджэнняў даволі шырокія і па меры магчымасці прывязаны да нашага раёна.
А ўтульная абстаноўка і атмасфера ў бібліятэцы садзейнічаюць жаданню прыходзіць сюды зноў і зноў.

Алена Пятушка.
На здымку: Г. Кандратовіч
прапануе чытачу кнігу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.