Урач з душой музыканта

Актуальное

IMG_0195 (Small)Колькі здавальнення і радасці чалавеку прыносіць любімая работа — гэты вечны рухавік жыцця. А калі разам з ёй дружна суседнічае і цікавы занятак для душы, чалавек атрымлівае двайную радасць і задавальненне. Менавіта да такіх шчасліўцаў адносіць сябе і ўрач-тэрапеўт раённай паліклінікі Міхаіл Героеў.
Здольны вучань Друйскай сярэдняй школы М. Героеў пасля дзевяці класаў паступіў у Лужаснянскую гімназію для адораных дзяцей, дзе займаўся ў хіміка-біялагічным класе.
Калі надышоў час вызначацца з прафесіяй, юнак падаў дакументы адразу ў дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы — у Полацкі ўніверсітэт на спецыяльнасць, звязаную з хімічнымі тэхналогіям,і і Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт.
— Пасля разважанняў спыніўся на медыцыне, — патлумачыў свой выбар Міхаіл Сяргеевіч, — бо гэта прафесія дае больш магчымасцей развівацца ўсебакова і прыносіць карысць людзям.
Пачалося складанае і ў той жа час насычанае студэнцкае жыццё. У большасці сваёй студэнты — народ актыўны і, акрамя вучобы, яны знаходзяць для сябе шмат цікавых заняткаў.
Вось і ў Міхаіла на першым курсе з’явілася жаданне навучыцца іграць на гітары. Акрамя музычнага слыху, лёс падарыў Міхаілу і добры голас, таму студэнта прынялі ва ўніверсітэцкую капэлу, дзе навучылі азам акадэмічнай манеры спеваў. Так энергічны юнак, акрамя заняткаў, паспяваў займацца і творчасцю.
Інтэрнатуру будучы ўрач праходзіў у тэрапеўтычным аддзяленні Браслаўскай раённай бальніцы пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў — Наталлі Грыгорьевай і Ліліі Старадубцавай. Спецыялісты з вялікім стажам, сапраўдныя прафесіяналы, яны ўважліва ставіліся да інтэрна, даходліва тлумачылі незразумелыя пытанні, вучылі працаваць.
І вось з дыпломам урача на руках і шчырымі памкненнямі прыносіць карысць людзям Міхаіл вярнуўся на радзіму. Пачалася самастойная праца, калі ўся адказнасць за пастаноўку дыягназу і назначэнне лячэння лягла на плечы маладога спецыяліста.
М. Героеў ніколькі не расчараваўся ў абранай прафесіі і кожны дзень са светлымі думкамі прыходзіць у кабінет, каб аблегчыць пакуты пацыентаў.
Несумненна вельмі добра, калі работа прыносіць задавальненне. Тым не менш усім нам хочацца прыемна адпачыць пасля працоўнага дня. А, як вядома, лепшы адпачынак — гэта змена дзейнасці. Міхаілу пазбавіцца ад напружанасці і стомленасці дапамагае музыка. І сапраўды, нішто так не супакойвае чалавека, як заняткі творчасцю. Малады чалавек пачаў наведваць гурток салістаў-вакалістаў пад кіраўніцтвам Леаніда Лаўрыновіча ў Ахрэмаўскім ЦНК.
Першы ўдзел у конкурсе «Песні юнацтва нашых бацькоў» у 2011 годзе прынёс Міхаілу
2 месца. Пасля чаго яго запрасілі ў ансамбль «На панадворку». Рэпетыцыі, выступленні, сустрэчы з сябрамі, безумоўна, робяць жыццё разнастайным і цікавым. Як адзначыў мой суразмоўца, толькі гультай можа сказаць, што ў Браславе няма чым заняцца. А перамога на конкурсе гітарнай песні «Я спяваю» дала магчымасць выступіць на рок-фестывалі «Жывое неба Браслава», які плануецца правесці летам. Таму наперадзе яшчэ шмат новых уражанняў і знаёмстваў.
Да таго ж Міхаіл прыхільнік здаровага ладу жыцця і абавязкова знаходзіць час, каб зазірнуць у спартыўную залу.
Але ж на першым месцы ў яго работа. Таму Міхаіл Сяргеевіч увесь час пашырае свае веды і навыкі, цікавіцца спецыяльнай літаратурай, вывучае новыя методыкі лячэння, павышае свой прафесійны ўзровень на спецыялізаваных курсах і канферэнцыях. На дадзеным этапе для ўрача М. Героева галоўная задача — трывала падрыхтавацца да здачы на прафесійную катэгорыю.
Пажадаем Міхаілу поспехаў ў яго нялёгкай прафесіі і будзем спадзявацца, што ён і далей будзе радаваць нас сваімі выступленнямі на сцэне.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *