Фото дир3 (Small)

Каледж — кузня кадраў для раёна

Актуальное

Фото дир3 (Small)Забеспячэнне рабочымі кадрамі, стварэнне магчымасцей для замацавання моладзі ў раёне, пошук альтэрнатыў развіцця ў гэтым накірунку — такія і іншыя пытанні разглядаліся на традыцыйным дні адкрытых дзвярэй у рамках плана мерапрыемстваў прафарыентацыйнай работы, які адбыўся ў Відзаўскім каледжы. На сустрэчы абмяркоўвалі падыходы па тэме «Пра сумесную работу ўстаноў прафесійна-тэхнічнага навучання і аддзела адукацыі па забеспячэнні рэгіёну рабочымі кадрамі».
Адкрыццё семінара з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Іны Лысенкі, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Івана Абаровіча, галоўнага спецыяліста ўпраўлення райсельгасхарча Аксаны Багародзь і дырэктараў школ раёна пачалося яскравым выступленнем навучэнцаў, якія ў форме візітнай карткі прадставілі свае будучыя прафесіі. Дынамізм, артыстычнасць і энтузіязм, з якім выступалі юнакі і дзяўчаты, не пакінулі раўнадушнымі прысутных і задалі тон усёй сустрэчы.
Дырэктар каледжа Міхаіл Смірноў азнаёміў удзельнікаў семінара з асноўнымі падыходамі па ўдасканальванні вучэбна-матэрыяльнай базы на прыкладзе вучэбных рамонтных майстэрняў. Падчас экскурсіі гасцям каледжа прадэманстравалі мадэльны рад энерганасычаных трактароў «Беларус», якія прадстаўлены на лінейцы гатоўнасці да пасяўной, новы АМКАДОР, які набылі за кошт пазабюджэтнай дзейнасці, дыягнастычны комплекс для тэсціравання тэхнікі і правядзення вучэбных заняткаў па спецыяльнасці «Рамонтна-абслуговая вытворчасць у сельскай гаспадарцы».
У абмеркаванні за круглым сталом І. Абаровіч адзначыў значнасць каледжа як вучэбнай установы і заклікаў дырэктараў актыўна ўключацца ў абмеркаванне тэматыкі семінара.
Намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Людміла Капуста расказала прысутным пра асноўныя накірункі дзейнасці каледжа. Яна адзначыла, што падрыхтоўка кадраў вядзецца на аснове аналізу запатрабаваных для рэгіёну кадраў і заявак базавых арганізацый. Для якаснага навучання будучых спецыялістаў заключаны пагадненні на праходжанне мэтавых курсаў пры МТЗ і Гомсельмашы, а таксама з базавымі прадпрыемствамі раёна, дзе ёсць новая тэхніка і перадавыя тэхналогіі, у прыватнасці з СВК «Маяк Браслаўскі», ААТ «Агравідзы», нацпаркам. З мэтай цеснага супрацоўніцтва, паведаміла Л. Капуста, на базе ўстановы адукацыі праводзяцца сумесныя семінары і сустрэчы прадстаўнікоў прадпрыемстваў раёна з прыцягненнем спецыялістаў Горацкай сельгасакадэміі, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, спецыялістаў цэха выпрабаванняў МТЗ, Віцебскага маторарамонтнага завода. У мінулым годзе два выкладчыкі каледжа атрымалі статус майстроў вытворчага навучання МТЗ і атрымалі права рэалізоўваць навучальныя праграмы па эксплуатацыі трактароў новага мадэльнага раду.
Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ніна Лапкоўская пазнаёміла прысутных з накірункамі міжнароднага супрацоўніцтва. Так, сумесны праект з Дзевянішкескай школай тэхналогіі і прадпрымальніцтва дазволіў больш чым 86 навучэнцам каледжа з 2011 па 2013 гады прыняць удзел у міжнародных лагерах і наведаць Літву.
Падводзячы вынікі семінара, Іна Лысенка адзначыла дынаміку развіцця навучальнай установы, сістэмнасць у рабоце па ўдасканальванні вучэбна-матэрыяльнай базы, падкрэсліла, што ў каледжы створаны ўсе ўмовы для падрыхтоўкі кадраў, так неабходных раёну. Намеснік старшыні выказала прапановы пра больш цеснае супрацоўніцтва ўпраўлення райсельгасхарча са школьнікамі, арганізацыі экскурсій у гаспадаркі, дзе ўкаранёны перадавыя метады вядзення гаспадарчай дзейнасці. Дырэктарам школ яна пажадала поспехаў у выхаванні патрыётаў браслаўскага краю, якія, атрымаўшы рабочыя прафесіі, застануцца ў раёне, каб зрабіць сваю малую радзіму яшчэ прыгажэй і прывабней.

Алена Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.