Сітуацыя пад кантролем

Актуальное

1Ужо больш за два тыдні нас не адпускае мароз. Тэмпература стабільна апускаецца да -20оС і ніжэй. Як у такіх умовах працуюць браслаўскія камунальнікі, каб забяспечыць жыхароў і прамысловасць раёна цяплом і вадой? Адказ на пытанне шукаў аўтар гэтых радкоў.
Як паведаміў намеснік дырэктара КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік” па цеплаэнергетыцы Міхаіл Басюк, сітуацыя спакойная і знаходзіцца пад кантролем. На балансе арганізацыі знаходзяцца 14 кацельняў па ўсім раёне. Адна з іх на кансервацыі, астатнія ж працуюць у штатным рэжыме. Запас паліва ёсць, ён дастатковы і своечасова папаўняецца. Сёлета дасягнута поўнае ўзаемаразуменне з торфабрыкетным заводам, і адтуль ідзе стабільнае забеспячэнне кацельняў торфабрыкетам і фрэзерным торфам, якія падвозяць шэсць дзён у тыдзень. На выпадак форс-мажору сфарміраваны запас у 150 тон першага і 1200 тон другога. Тое ж і з дрывамі. Дарэчы, самая буйная з кацельняў – цэнтральная, у дзень яна выкарыстоўвае 50 тон фрэзернага торфу. А па выніках за 2013 год яна на 75% працавала на мясцовых відах паліва, дзякуючы выкарыстанню якога замест прыроднага газу эканомія сродкаў дасягае 30%.
У той жа час галоўны вадагрэйны кацёл горада 1986-га года выпуску і амаль выпрацаваў свой рэсурс. Толькі з пачатку бягучага ацяпляльнага сезона ён выходзіў са строю тры разы. У аварыйным рэжыме яго спынялі і рамантавалі, а нас абагравалі падменныя газавыя ўстаноўкі. Дарэчы, рабочая тэмпература катла 700-800оС, і на яго ахалоджванне патрэбна каля сутак. Аднак нават пасля гэтага ўнутры спякотна, як у парылцы. Тым не менш людзі самааддана працуюць і тэрмінова ліквідуюць аварыю, каб цяпло зноў пайшло ў горад. Вялізная заслуга ў гэтай нялёгкай справе належыць выконваючаму абавязкі начальніка кацельні Валерыю Драбовічу і зваршчыку Леаніду Скур’яту (на здымку), якія выпраўляюць сітуацыю ў самыя кароткія тэрміны, нягледзячы ні на час, ні на выхадныя. На капітальны ж рамонт катла неабходна каля 1,5 мільярда рублёў, якіх пакуль няма.
Цеплавыя сеткі, у сваю чаргу, спраўляюцца з нагрузкамі добра. За апошнія дзесяцігоддзі іх асноўная маса заменена на сучасныя папярэдне ізаляваныя трубы. Толькі летась іх пакладзена два з паловай кіламетры. У гэтым годзе плануецца замяніць яшчэ 2 км. Усе работы прадпрыемства выконвае самастойна, што таксама дае значную эканомію. З такога кшталту рэканструкцыі страты цяпла знізіліся на 6%. Таму М. Басюк зазначыў, што цепласеткі пакуль халады вытрымліваюць, і выказаў спадзяванне, што так будзе і надалей.
Крыху горш справы з водаправодамі. Анамальныя маразы і адсутнасць снежнага покрыва ствараюць умовы для глыбокага прамярзання грунту. Па словах галоўнага інжынера КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік” Алега Ляскоўскага, з горадам і магістральнымі трубамі праблем няма. Вада зараз замярзае ў старых водаправодах сельскай мясцовасці ў падводах да індывідуальных дамоў. Самастойна пакладзеныя гаспадарамі трубы не заўсёды адпавядаюць тэхналогіі, да таго ж рух вады слабы. А сельскія сеткі перададзены камунальнікам у вельмі дрэнным стане.
Між тым аварыйныя брыгады знаходзяцца ў рэжыме пастаяннай гатоўнасці. Запас неабходных матэрыялаў для рамонтных работ ёсць. Таму спецыялісты ЖКГ гатовыя выехаць на ліквідацыю аварыйнай сітуацыі ў любы час і тэрмінова выправіць становішча.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *