_MG_9618 (Medium)

Выдатныя поспехі юных браслаўчан

Актуальное Власть и общество

_MG_9618 (Medium)Нядаўна завяршыўся абласны этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды сярод вучняў школ. На такія інтэлектуальныя спаборніцтвы традыцыйна збіраюцца самыя разумныя і адораныя школьнікі з усіх куткой вобласці. Канкурэнцыя тут не жартоўная, і не выпадкова, бо перамога гарантуе месца ў камандзе, якая выступіць на рэспубліканскай алімпіядзе.
Сёлета наш раён на абласным этапе прадстаўлялі 26 вучняў з 9 школ раёна. Свае веды яны дэманстравалі па 11 прадметах. Папярэднічала гэтаму карпатлівая праца і саміх адораных вучняў, і іх не менш таленавітых настаўнікаў. Каманда дастойна вытрымала экзамены па ўсіх прадметах. Вынік не можа не радаваць – з абласнога этапа нашы школьнікі прывезлі 9 дыпломаў, што на 5 больш, чым у мінулым годзе.
З дыпломам першай ступені па беларускай мове з вобласці вярнулася вучаніца 11 класа гімназіі Вікторыя Верпечынскіс. Дзяўчына з 5 класа ўдзельнічае ў алімпіядах, вось ужо некалькі год запар паказвае выдатныя вынікі, мае вопыт удзелу ў рэспубліканскім этапе алімпіяды. І сёлета зноў паспрабуе свае сілы на ім. Добрая падрыхтоўка Вікторыі – заслуга Аксаны Сіўко, яе настаўніцы па беларускай мове і літаратуры. Аксана Уладзіміраўна ганарыцца сваёй вучаніцай і адзначае, што Віка – сапраўдная зорачка на алімпіядным небасхіле. Яна мэтанакіравана ідзе да поспеху, шмат займаецца самастойна. Дзяўчына праходзіла на абласны этап алімпіяды яшчэ і па нямецкай мове, але выбрала любімую беларускую.
Выніковай стала алімпіяда па беларускай мове і для вучня 9 класа Далёкаўскай ДСБШ Дзмітрыя Пяткуна (настаўніца Г. Ларчанка). Ён заваяваў дыплом другой ступені.
Традыцыйна добра выступілі на абласным этапе і юныя матэматыкі Браслаўшчыны, хоць канкурэнцыя па гэтым прадмеце была вялікая. Вучань 8 класа СШ№2 Дзяніс Папакуль (настаўніца М. Раўко) атрымаў дыплом другой ступені. Дыпломамі 3 ступені ўзнагароджаны васьмікласнікі гімназіі Максім Мацкевіч і Раман Шукель (у абодвух настаўнік Д. Мацкевіч), а таксама 10-класнік гэтай установы Антон Кук’ян (настаўніца В. Мірановіч). Калі гімназісты Максім і Раман упершыню паказалі такі добры вынік і іх галоўныя перамогі яшчэ наперадзе, то Антон трэці год удзельнічае ў абласной алімпіядзе. Хлопец паказвае добрыя вынікі на раённых алімпіядах па многіх прадметах, і па кожным з іх можа ўдала выступіць у вобласці, але перавагу аддае самаму складанаму – матэматыцы. Сёлета мэтнакіраваны і адораны хлопец пакажа свае веды па гэтым прадмеце і ў рэспубліцы.
Агульную скарбонку ўзнагарод папоўнілі і гімназісты, аматары геаграфіі, вучань 8 класа Рамуальд Вайтанец і 10-га Жанна Падоба. Выхаванцы Валянціны Жылевіч, настаўніцы геаграфіі гэтай установы, традыцыйна добра выступаюць на алімпіядах рознага ўзроўню. Не выключэнне і гэты год: Жанна атрымала дыплом 2 ступені, а Рамуальд — трэцяй, пры тым, што васьмікласнік выступаў за 9 клас.
Да добрых вынікаў у алімпіядзе абласнога ўзроўню па гісторыі вучня 9 класа Дрысвяцкай школы Валянціна Любінскага прывяла яго настаўніца Аліцыя Прахарэнка. Сёлета ён выступаў за 10 клас і заваяваў дыплом 2 ступені. Яго настаўніца Аліцыя Тадэвушаўна расказала, што Валянцін – з ранніх гадоў цікавіцца гісторыяй, шмат чытае па прадмеце, цікавіцца ўсім, што датычыцца яго прадмета і вось ужо другі год на абласным этапе сапернічае са старэйшымі школьнікамі. Разам пакараюць алімпіядныя вяршыні вучань і яго настаўнік вось ужо 4-ы год.
Як зазначыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Іна Купрыянава, такія вынікі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды − высокае дасягненне для нашага рэгіену. Перамога даставалася нялёгка. Алімпіядныя заданні былі складаныя, патрабавалі ад школьнікаў умення граматна, лагічна выкладаць свае думкі. Нельга не адзначыць штодзённую, руплівую працу настаўнікаў, якія падрыхтавалі пераможцаў. У раёне такіх педагогаў паважаюць і цэняць.
Наперадзе ў браслаўскіх школьнікаў заключны рэспубліканскі этап алімпіяды. Зараз фарміруецца каманда, якая напрыканцы сакавіка зноў паспаборнічае за першыя месцы. Пажадаем юным інтэлектуалам новых перамог.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.