IMG_7923 (Small)

Уладары блакітных артэрый

Актуальное

IMG_7923 (Small)Сваю асноўную задачу супрацоўнікі філіяла РВУ «Браслаўрайгаз» бачаць у паляпшэнні бытавых умоў людзей, дакладней, імкнуцца зрабіць дамашні ачаг больш цёплым і ўтульным. Штодзень газавікі выконваюць сваю складаную справу, бо газ — тое рэчыва, пры выкарыстанні якога нельга дапускаць ніякіх памылак.
Пра працу газавікоў раёна карэспандэнт райгазеты Алена Пятушка пацікавілася ў дырэктара філіяла РВУ «Браслаўрайгаз» Яраслава Сапеля.
— Яраслаў Уладзіміравіч, колькі спажыўцоў газу налічвае ваш філіял, і што канкрэтна зроблена за мінулы год?
— На пачатак года на абслугоўванні філіяла знаходзяцца 14276 кватэр, з якіх 3087 газіфікаваны ад сетак прыроднага газу, 11165 — індывідуальнымі газабалоннымі, і 24 кватэры ў Друі карыстаюцца звадкаваным газам ад ёмістай устаноўкі. Акрамя насельніцтва раёна, спажыўцамі прыроднага газу з’яўляюцца 6 прамысловых і 9 камунальна-бытавых прадпрыемстваў, а таксама 2 сельгасарганізацыі.
З кожным годам мы імкнёмся павялічыць колькасць жыхароў, якія могуць карыстацца прыродным газам. Так, у мінулым годзе закончаны работы ў раённым цэнтры па вул. Савецкай, 1-га Мая, Тургенева, правілі газіфікацыю ЖБК № 9, блакітныя артэрыі праляглі па перавул. Квяточны, Матросава, Садовы, а таксама ў Ахрэмаўцах па вул. Паркавай і Прыбярэжнай. Вялікі аб’ём работы па газіфікацыі праведзены ў агр. Відзы. Усяго за мінулы год газіфікаваны 101 кватэра і пераведзена са звадкаванага на прыродны газ 223 індывідуальныя жылыя дамы. Такім чынам, у эксплуатацыю ўведзена 17,4 км сетак прыроднага газу. Можна сказаць, што амаль ўсе жадаючыя з газам. У бягучым годзе прадоўжым газіфікацыю раёна.
Акрамя гэтага, пастаянна падтрымліваецца эксплуатацыя іншых аб’ектаў газазабеспячэння. Праводзяцца прафілактычныя агляды газаправодаў, сочаць газавікі і за належным парадкам на прылягаючых да іх тэрыторыях, бесперабойна дастаўляецца звадкаваны газ у балонах па населеных пунктах раёна.
— Скажыце, калі ласка, колькі звадкаванага і прыроднага газу спажывае насельніцтва нашага раёна?
— Безумоўна, у выніку штогадовага прыросту колькасці абанентаў, якія карыстаюцца прыродным газам, аб’ём яго рэалізацыі павялічваецца. Напрыклад, у 2012 годзе гэта лічба складала 2242 тыс. м3, а за мінулы год ён узросла да 2836 тыс. м3. У той жа час аб’ём спажывання звадкаванага газу насельніцтвам знізіўся на 43 т і склаў 646 т. Таксама рэалізавана 2,2 т блакітнага паліва праз ёмістую ўстаноўку ў Друі і 0,1 т — у малалітражных балонах. Акрамя гэтага, 12,6 т звадкаванага газу адпушчана прамысловым і 8,8 т — камунальна-бытавым спажыўцам.
— Несумненна, для ажыццяўлення планаў і паспяховага выканання задач неабходны сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы і зладжаная работа ўсяго калектыву. Ці ёсць праблемы з кадрамі?
— На шчасце, у нас такіх праблем няма. Калектыў прадпрыемства зладжаны, стабільны, у ім практычна няма цякучкі кадраў, і, што самае важнае, вопытны. Таму добрых слоў заслугоўваюць усе работнікі, але хочацца адзначыць лепшых. Гэта супрацоўнікі аварыйна-дыспетчарскай службы В. Баган, А.Дарашкевіч, С. Дудзевіч, С.Зотаў, К. Каралькоў, М. Касцюкевіч, прыёмшчыцы заявак Л. Паўловіч і Т. Пяткун, вадзіцелі А. Дуброўскі і І. Маслякоў, слесары С.Чэркас і І. Піртань.
Кожны ведае сваю справу і стараецца выконваць службовыя абавязкі добрасумленна, што дазваляе выканаць пастаўленыя задачы.
— Дзякую за размову. Далейшага вам плёну і поспеху ў працы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.