На сустрэчу з казкай

Актуальное

SAM_2787 (Medium)Каля тысячы школьнікаў Прыдзвіння пабывалі на галоўнай ёлцы рэгіёну, якая праходзіла 27 снежня ў канцэртнай зале «Віцебск».
Губернатарская ёлка для дзяцей ўжо даўно стала добрай традыцыяй, да таго ж вельмі папулярнай. На яе запрашаюцца пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і абласных алімпіяд і творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сямей, дзеці-інваліды і сіроты. Сярод іх на абласным ранішніку прысутнічалі і 25 хлопчыкаў і дзяўчынак з нашага раёна.
У Віцебск браслаўская дэлегацыя прыбыла на дзень раней і адразу акунулася ў казачную і цудоўную атмасферу. Як расказала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна Святлана Скур’ят, размясціліся яны ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы. Потым браслаўчане адправіліся на экскурсію, дзе любаваліся прыгожымі краявідамі вячэрняга Віцебска, пасля чаго сталі ўдзельнікамі навагодняга прадстаўлення на гарадской плошчы.
На наступны дзень гасцей з усіх куточкаў рэгіёну сабрала вакол сябе галоўная абласная ёлка. Са словамі віншавання перад прысутнымі выступіў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец.
Затым дзеці апынуліся ў казачнай, поўнай цудаў краіне, дзе жыве вясёлы і храбры хлопчык Пітэр Пэн. Разам з галоўным героем гледачы аднайменнага мюзікла пераадолелі ўсе перашкоды і перамаглі жорсткага Крука — капітана піратаў.
Безумоўна, не абышлося без традыцыйных карагодаў, вясёлых гульняў і конкурсаў.
За святочным сталом, які адбыўся пасля прадстаўлення ў Віцебскай гімназіі, усе дзеці атрымалі ад імя старшыні аблвыканкама салодкія падарункі і мяккія цацкі.
А вось прысутнічаць на прэзідэнцкай ёлцы ў Палацы Рэспублікі 26-27 снежня пашчасціла з нашага раёна траім школьнікам — Таццяне Тарун, вучаніцы 7 класа Ахрэмаўскай сярэдняй школы, пераможніцы абласнога і дыпламата рэспубліканскага конкурсу «Калядная зорка», актыўнай удзельніцы школьных і раённых мерапрыемстваў, Ганне Дзямітцы, вучаніцы 5 класа СШ № 2, якая мае высокі ўзровень вучэбных дасягненняў, з’яўляецца актыўнай ўдзельніцай школьных і раённых мерапрыемстваў па мастацкай самадзейнасці, дыпламата раённых інтэлектуальных гульняў, прызёра раённых спаборніцтваў «Алімпійскія надзеі». Трэцім удзельнікам галоўнай ёлкі краіны была выхаванка Друйскага дзіцячага дома Марыя Кузаўкова, вучаніца 7 класа, якая прымае актыўны ўдзел у спартыўна-турыстычным жыцці дзетдома і школы.

Алена Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *