Марак з афганскай загартоўкай

Актуальное

getImageАмаль трыццаць гадоў мінула з таго часу, як у біяграфіі браслаўчаніна Станіслава Хрома асобным радком з’явілася афганская старонка. Памяць не-не ды гартае яе дзень за днём у галаве мужчыны, бо такое не забываецца ніколі.
Афганістан прайшоў праз лёс многіх юнакоў у 80-ых і пакінуў у іх душах адметны след, які, мабыць, неаднойчы і ў будучым жыцці сыграў немалаважную ролю. Загартаваў характар, зрабіў больш сталым і ўзважаным, навучыў цаніць маральныя, а не матэрыяльныя каштоўнасці.
Станіслава з дзяцінства вабіла тэхніка. Таму пасля заканчэння васьмі класаў пайшоў вучыцца ў Відзаўскае ПТВ, дзе і спецыяльнасць атрымаў, і вадзіцельскае пасведчанне.
Як і большасць юнакоў, палічыў за гордасць служыць у войску. Атрыманай з ваенкамата павестцы ўзрадаваўся ад душы. Праўда, такой навіне не была рада маці хлопца, бо, як і кожная, хвалявалася, куды сын трапіць служыць. А ў 1983-ім ужо было шмат інфармацыі пра службу ў Афганістане. Навіны адтуль прыходзілі зусім не радасныя. Мацярынскае сэрца балела не дарэмна…
Курс маладога байца Станіслаў Хром праходзіў у Ашхабадзе. Па тым, якія патрабаванні да іх падрыхтоўкі прад’яўлялі камандзіры, няцяжка было здагадацца, куды і для чаго іх рыхтуюць.
Чатыры першыя месяцы армейскага жыцця праляцелі непрыкметна. Станіслаў быў камандзірам аўтамабільнага аддзялення. За непрацяглы час службы прызвычаіўся не толькі да армейскай дысцыпліны, парадку, але і стаў на “ты” з тэхнікай, мог адрамантаваць любую няспраўнасць.
Атрыманыя навыкі і загартоўка вельмі згадзіліся ў Афганістане, куды трапіў у студзені 1983 года.
Гэтая далёкая краіна сустрэла чарговую партыю савецкіх салдат зусім не гасцінна – амаль бясконцымі дажджамі, аўтаматнымі стрэламі, пастаяннай небяспекай.
Станіслаў служыў вадзіцелем у разведвальным батальёне. Калонай, у якой рухалася каля 70 машын, даводзілася па 4-5 разоў на месяц пераадольваць шлях у 180 кіламетраў ад афганскага горада Шындад да савецкай Кушкі, адкуль кожны раз везлі ўзбраенне, прадукты для ваеннаслужачых. Кожны такі паход мог закончыцца трагічна, бо “духі” вельмі пільна сачылі за рухам савецкіх калон.
— І вось аднойчы, — успамінае Станіслаў, — і іх калона трапіла ў засаду.
… — На гарызонце ўжо з’явіліся нашы пагранічныя вышкі, — расказвае. – Мы з палёгкай уздыхнулі, што амаль дабраліся да месца прызначэння. Расслабіліся, некаторыя нават бронежылеты з сябе паздымалі. А тут адкуль ні вазьміся – стральба. Душманы схаваліся ў вінаградніках і абстрэльвалі калону. Восем чалавек тады загінулі, траім з іх заставаўся ўсяго месяц да дзембеля.
Узгадаў таксама Станіслаў эпізод, калі адзін з незапланаваных прыпынкаў для калоны мог каштаваць многім жыцця.
… Спыніліся на перакур. І тут адзін з салдат заўважыў на абочыне дарогі афганскага хлопчыка гадоў дзесяці. Як высветлілася, ён на вачах ва ўсіх закопваў міну. Толькі выпадковасць выратавала ад непазбежнага.
Акрамя куль, падсцерагалі нашых салдат на кожным кроку і жудасныя хваробы – тыф, малярыя, чума. Праўда, Станіславу, як і многім, дапамагала ў барацьбе з гэтай заразай чыстая вада ў фляжцы, якая заўсёды была з сабой, настоеная на вярблюджых калючках, якія служылі дэзінфіцыруючым сродкам.
Сёння ў Станіслава Хрома мірнае жыццё. Але яго таксама нельга назваць спакойным і размераным. Ён на гандлёвых судах ходзіць матросам у плаванне.
— Амаль за трыццаць гадоў, акрамя Аўстраліі і Новай Зеландыі, быў практычна ў кожнай краіне свету, — расказвае. – Нярэдка і на моры падсцерагае небяспека. Але гэта зусім не тое, што было ў Афганістане. Тут добра ведаеш, хто вораг, а хто сябар. І не трэба браць у рукі аўтамат, каб абараніцца. А афганская загартоўка мне дапамагае пераадольваць цяжкасці. Мора ж – супакойвае.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *