IMG_7689 (Medium)

Лечыць прыгажосць

Актуальное

IMG_7689 (Medium)Ужо стала добрай традыцыяй правядзенне ў Браслаўскай ЦРБ навагодняга конкурсу на лепшае афармленне аддзяленняў да свят. І вельмі важна, што ініцыятыва такога своеасаблівага спаборніцтва зыходзіла, што называецца, знізу. Менавіта ў профільных аддзяленнях зарадзілася ідэя зрабіць з простага ўпрыгожвання калідораў і холаў вялікую і добра прадуманую справу, ды яшчэ і з элементамі саперніцтва. Цяпер мерапрыемства праходзіць штогод.
І кожны, хто па доўгу службы носіць белы халат ці проста трапіў на бальнічны ложак, мае магчымасць штодзень назіраць прыгажосць, створаную рукамі простых работнікаў установы аховы здароўя. Першым прыемней знаходзіцца на рабочым месцы. Тыя ж, хто вымушаны ў святочныя дні лячыцца, падымаюць сабе настрой, паглядаючы на, не пабаюся гэтага слова, шэдэўры.
Як адзначае галоўная медсястра ЦРБ Тамара Супранёнак, удзельнікі карпаратыўнага конкурсу знаходзяцца ў прыкладна аднолькавых умовах і маюць сходныя магчымасці. Адрознівае іх толькі фантазія і жаданне. І, прайшоўшы па паверхах і аддзяленнях, магу вас, паважаныя чытачы, запэўніць: з гэтым у браслаўскіх медыкаў поўны парадак. Снегавік з пластыкавых шклянак, замак Алы Пугачовай і Максіма Галкіна, і нават цэлае падводнае царства – гэта і многае іншае зроблена рукамі з падручных матэрыялаў.
Вынікі конкурсу будуць падведзены крыху пазней, і ўсе яго ўдзельнікі атрымаюць узнагароды. Аднак ужо зараз можна сказаць, што фаварытамі з’яўляюцца радзільнае, неўралагічнае аддзяленні і прыёмны пакой. А пакуль плады творчасці медработнікаў радуюць сваёй арыгінальнасцю і іх саміх, і пацыентаў бальніцы. Прыгажосць, кажуць, таксама лечыць.

Вячаслаў Каладынскі.
На здымку: кампазіцыя ў прыёмным пакоі ЦРБ
і адзін з яе аўтараў – медсястра Вольга Галіна.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.