spasibo

Дабрачыннасць – дзецям

Актуальное

spasiboПадчас навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” кіраўнікі і прадстаўнікі арганізацый і органаў улады ўсіх рангаў наведваюць рознага кшталту дзіцячыя ўстановы. Удзельнікі акцыі віншуюць малых са святамі, дораць ім падарункі.
Годам нараджэння добрай традыцыі лічыцца 1995, калі ўпершыню было вырашана аказаць у святочныя дні дапамогу тым дзецям, якім яна была патрэбна больш за ўсіх. З той пары прайшло нямала часу, і мерапрыемства перайшло на новы якасны ўзровень.
На мяжы 2013-2014 гадоў рэспубліканская дабрачынная акцыя праходзіла з 11 снежня па 10 студзеня. На Браслаўшчыну таксама завітала рукатворнае свята. Як паведамілі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму, дабрачыннымі мерапрыемствамі былі ахоплены 52 дзіцячыя ўстановы. Агульная сума сродкаў, затрачаных на набыццё падарункаў і аказанне дапамогі, склала больш за 200 мільёнаў рублёў. З іх толькі спартыўнага інвентару набыта на 30 млн.
Сярод удзельнікаў акцыі, якія парадавалі браслаўскіх дзетак, былі прадстаўнікі абласных і раённых вытворчых прадпрыемстваў, банкаў, праваахоўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў. Фінансавую і іншую дапамогу ўстановам адукацыі традыцыйна аказваюць шэфскія арганізацыі, спонсары.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму выказвае ўдзячнасць усім, хто ў святочныя дні парадаваў навучэнцаў і выхаванцаў раённых дзіцячых устаноў салодкімі падарункамі і новым спартінвентаром. А гэта СП ТАА “Нардзін”, Браслаўская ЦРБ, ППУП “СаЛен-сэрвіс”, “Ірбіс-плюс”, ПУПП “Віталіч”, ПУП “Нікансбел”, ААТ “АТП №18”, філіял “Браслаўрыба” Глыбоцкага МКК, ДЭУ-34, НП “Браслаўскія азёры”, а таксама шэраг іншых прадпрыемстваў, арганізацый (у тым ліку сельскагаспадарчых) і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Прадстаўнікі ўлады, аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама таксама былі частымі гасцямі на навагодніх ранішніках. Кіраўнік раёна Сяргей Шматаў асабіста віншаваў дзетак і іх бацькоў на дабрачынным ранішніку для дзяцей інвалідаў і сірот. Яго намеснік Іна Лысенка выказала шмат цёплых слоў і пажаданняў прысутным на адным з ранішнікаў у гарадскім дзіцячым садку №1 і падарыла ўстанове ад імя раённай улады халадзільнік. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Антаніна Абалевіч наведала святочнае мерапрыемства ў Друйскім дзіцячым доме, і таксама не з пустымі рукамі – яна ўручыла дырэктару ўстановы падарунак ад райвыканкама – пральную машыну.
Актыўна ўдзельнічалі ў акцыі і грамадскія аб’яднанні: Беларускі дзіцячы фонд, “Белая Русь”, БРСМ, прафсаюзы і іншыя.
Такім чынам, акцыя “Нашы дзеці” за святочны месяц дайшла бадай да кожнага маленькага беларуса. А для многіх і па некалькі разоў. І кожнаму яна прынесла дабрыню, клопат і толькі станоўчыя эмоцыі.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.