1

Сямейная дыстанцыя ў 40 гадоў

Актуальное

1Памятаеце цудоўныя словы з вядомай песні Райманда Паўлса “Бабуля побач з дзядулем – зноў жаніх і нявеста”? Далёка не кожнай сямейнай пары ўдаецца прайсці сумесна дыстанцыю ў 40 гадоў і зноў апынуцца за вясельным сталом у акружэнні дзяцей, унукаў, сяброў. А вось Марыю і Антона Ракіцкіх з Браслава зусім хутка чакае такое свята.
Яны адзначаць 27 снежня рубінавы юбілей. Як чырвоны рубін знаходзяць у недрах зямлі проста каменем і толькі пасля шліфоўкі і агранкі ён зіхаціць сваёй прыгажосцю, так і сямейныя адносіны з кожным годам становяцца больш адшліфаванымі.
Марыя і Антон родам з Урбан. Там і пазнаёміліся на танцах у клубе. Марыі на той час было ўсяго 15 гадоў, а Антон ужо вярнуўся з арміі і працаваў вадзіцелем у калгасе. Маладыя прыглянуліся адзін аднаму. Іх цукерачна-букетны раман доўжыўся амаль 5 гадоў.
Марыя пасля заканчэння Бебрынскага сельгастэхнікума ў Латвіі засталася працаваць ветурачом у Даўгаўпілскім раёне. Але кожны раз па прыездзе дамоў сустракалася з Антонам. Іх пачуцці станавіліся больш моцнымі, асэнсаванымі і закончыліся вяселлем. Праўда, маладыя зарэгістравалі свой шлюб у тагачасным Зарацкім сельсавеце, але вяселле згулялі крыху пазней, бо на другі дзень пасля рэгістрацыі памёр бацька Антона.
Маладая сям’я пэўны час жыла і працавала ў Латвіі. Але ўсё ж абодвух цягнула на радзіму, асабліва, калі з’явіліся дзеці.
Прыехалі і ўладкаваліся на працу ў Браславе. Марыя больш за 20 гадоў працавала ў райветстанцыі, а Антон – вадзіцелем, вазіў, як кажуць, начальнікаў — першага сакратара райкама партыі, райвыканкама, апошнія ж 17 гадоў быў вадзіцелем на пошце.
Цяпер абодва на заслужаным адпачынку. Але ціхае дамашняе жыццё без занятку – не для іх. Разам прыходзяць рабіць уборку ў РВПС.
Іх адносінам могуць пазайздросціць многія маладыя пары. Ракіцкія – людзі не канфліктныя. Прызнаюцца, што нават і не памятаюць, калі спрачаліся ў апошні раз. Іх сямейнае жыццё цячэ ціха і мірна. Абодва лічаць, што неабходна ўступаць адзін аднаму, а не пярэчыць. Крыкам ды высвятленнем адносін справе не дапаможаш. А вось нават калі ўзнікаюць якія праблемы, лепш іх вырашаць разважліва за сямейным сталом, ад гэтага больш карысці.
У Ракіцкіх двое дзяцей. Дачка працуе прадпрымальнікам у Браславе, сын – механізатарам у Верхнядзвінскім раёне. Яны ўжо дарослыя, маюць свае сем’і. Бацькі – прыклад для іх у сямейных адносінах. Гэта ж не жарты пражыць пад адным дахам 40 гадоў і захаваць шчырыя, добразычлівыя адносіны, быць разам у горы і радасці, як чатыры дзесяцігоддзі таму назад абяцалі пры ўступленні ў шлюб.
Радасцю і вяселлем напаўняецца дом дзядулі і бабулі, калі туды завітваюць унукі. Іх у Ракіцкіх чацвёра – два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Гэта – іх аддушына. З унукамі, усміхаюцца, і самі маладзеюць.
Нездарма сімвалам рубінавага вяселля лічыцца рубін, бо гэта камень кахання, агню і пачуцця, якое з гадамі не гасне, а толькі мацнее, бо яно праверана часам. І няхай сёння ўжо немаладыя людзі і не падораць на вяселле адзін аднаму пярсцёнак з рубінам, але кожны дзень яны дораць шчасце, падстаўляюць надзейнае плячо і спадзяюцца абавязкова адзначыць залатое вяселле.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.