DSC_4897 (Small)

Стаўка на высокую якасць

Актуальное

DSC_4897 (Small)Сыр сёння па праве можна лічыць адным з самых папулярных малочных прадуктаў. Аптымальнае ўтрыманне бялку і тлушчу, прысутнасць незаменных амінакіслот, вітамінаў, фосфару і калію робяць яго не проста карысным, але і жыццёва неабходным для нармальнай работы арганізма.
На Браслаўскім філіяле ААТ “Глыбоцкі МКК” выпуск сыра пачаўся ў 2003 годзе. Сёння філіял – гэта зусім іншая, высокамадэрнізаваная вытворчасць. Пра яе тонкасці і нюансы карэспандэнт газеты Зінаіда Палулех папрасіла расказаць дырэктара філіяла Віталя Далжэнку.
— Мы як вытворцы і, думаю, да нас далучацца шматлікія спажыўцы, вельмі ўдзячны старшыні аблвыканкама, Прэзідэнту, які падтрымаў ідэю Аляксандра Косінца, мадэрнізаваць малаказавод, які сёння мае сучасныя магчымасці. Мы можам ганарыцца, што атрымалі адну з лепшых вытворчасцей у краіне па ўсіх ветэрынарна-санітарных правілах. Устаноўлена аўтаматызаваная іспанская лінія па вырабе сыроў – ад прыёмкі малака да адгрузкі гатовай прадукцыі. Сярод яе асаблівасцей, якіх не мае ніводная вытворчасць у Беларусі, мыйка і дэзінфекцыя кантэйнераў, антыплесневая апрацоўка сыру, якая дазваляе павялічваць тэрмін яго годнасці, металадэтэктар, які выключае пападанне іншародных прадметаў, станцыя ўпакоўкі галовак сыру. Ён выспявае ў пластыкавых скрынках, а не на драўляных паддонніках, як гэта было раней. Прадукцыя таксама пераварочваецца ў аўтаматычным рэжыме.
— Віталь Мікалаевіч, якімі прадуктамі гатовы парадаваць пакупнікоў?
— Асноўнай спецыялізацыяй прадпрыемства з’яўляецца вытворчасць цвёрдых сычужных сыроў. Пакуль гэта прадукцыя класічных тэхналогій – галандскі і расійскі сыр цыліндрычнай формы. У асартыменце можа быць каля 40 відаў сыроў. А пры распрацоўцы новых рэцэптур мы абавязкова будзем улічваць пажаданні нашых спажыўцоў, для чаго плануем праводзіць дэгустацыі, апытанні, анкетаванні.
Асноўная наша задача – падтрымліваць рэпутацыю вытворцы сапраўды высакаякаснай прадукцыі.
А вось з навінак вяршкова — тварожны прадукт. Для яго вытворчасці ўстаноўлена польская лінія. Вяршкі заквашваюцца, сепарыруюцца. Вырабляем гэты прадукт без дабавак і з напаўняльнікамі. Пакуль гэта ванілін і шампіньёны, у планах – курага, клубніцы, лясныя ягады. На прылаўках нашых магазінаў такую прадукцыю можна сустрэць ва ўпакоўках па 500 і 200 грамаў. Прадукт карыстаецца папулярнасцю ў пакупнікоў, дарэчы, яму няма аналагаў на тэрыторыі нашай краіны.
А яшчэ займаемся згушчэннем сывараткі і адпраўкай яе на сушку. Упэўніліся, што гэта высокарэнтабельная вытворчасць.
— У мадэрнізацыю вытворчасці філіяла ўкладзена каля 230 млрд. рублёў. Праз які час акупяцца гэтыя ўкладанні?
— Пры вырабе каля 300 тон сыроў у месяц тэрмін акупнасці, па падліках, складзе 6,8 года. Сярэдняя рэнтабельнасць вытворчасці павінна быць не ніжэй за 18,5%. Тут шмат будзе залежаць і ад калектыву, і ад рынкаў збыту прадукцыі. Дарэчы, 5 снежня 20 тон сыру гатунку “Расійскі малады” адпраўлены ў Расійскую Федэрацыю. Гэта першая такая значная экспартная адгрузка, але спадзяёмся, што далёка не апошняя. Мы шчыльна працуем як з унутраным рынкам – у горадзе з прадпрыемствамі дзяржаўнага і прыватнага гандлю, — так і ў рэспубліцы. Аднак асноўная наша мэта – выхад на рынкі Еўрапейскага саюза.
Нам ёсць да чаго імкнуцца, ёсць магчымасці развівацца. Да ўсяго ж зазначу, што калектыў прадпрыемства таксама нацэлены на шчырую і плённую працу, з аптымізмам глядзіць у будучыню.
Мы разлічваем, што сыр, выпушчаны ў Браславе пад брэндам “Аляксандраўскія сыры”, будзе заўсёды жаданым і любімым прадуктаў на стале ў браслаўчан, нашых суседзяў, у краінах СНД і замежжа.
— Дзякую за размову. Плёну вам у працы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.