Не лянуйся — і ўсё атрымаецца

Актуальное

IMG_7322 (Small)Маладосць — гэта выдатная пара, калі энергія б’е праз край і хочацца ўсё зразумець і пра ўсё даведацца. На жаль, ёсць пэўная частка моладзі, якая не мае выразнага ўяўлення, у які бок накіраваць гэтую энергію. І ці то ад буйной фантазіі, ці, наадварот, адсутнасці яе, у горадзе з’яўляюцца пашкоджаныя дзіцячыя пляцоўкі, агароджы, крэслы на стадыёне.
Першае знаёмства з Дзянісам Багдановічам адбылося некалькі гадоў таму назад, калі зайшла ў кіёск «Клякса» набыць канцылярскія рэчы. Прыветлівы абаяльны юнак прапанаваў мне патрэбныя тавары, а крыху пазней я даведалася, што менавіта ён і з’яўляецца гаспадаром гэтай крамы.
Сёння малады прадпрымальнік настолькі трывала «прышвартаваўся» ў небяспечным і вірлівым моры бізнесу, што можа дазволіць сабе займацца незвычайнымі і зусім непрывычнымі для нас відамі спорту.
— Яшчэ ў школе марыў адкрыць уласную справу, — успамінае Дзяніс, — а калі вучыўся на першым курсе Полацкага ўніверсітэта, жаданне толькі ўзмацнілася.
Безумоўна, проста марыць і жадаць — гэтага вельмі мала. Як кажуць, пад ляжачы камень вада не цячэ. Таму хлопец перавёўся на завочнае аддзяленне і ўладкаваўся аператарам адчышчальных збудаванняў. Праца па зменах дазваляла паралельна знаходзіць прырабатак.
Маці Станіслава Браніславаўна, настаўніца пачатковых класаў СШ № 2, і бацька Валерый Мікалаевіч, інжынер-электрык ЖКГ, безумоўна, былі не ў захапленні ад такога ўчынку сына.
Але на тое і маладосць, каб пераканаць, даказаць правільнасць свайго рашэння, а, галоўнае, дасягнуць станоўчага выніку.
Паступова юнак сабраў невялікую суму грошай, аформіў крэдыт і — з’явілася крама з вясёлай назвай. Першыя два гады даходы ішлі на развіццё бізнесу і выплату крэдыту. Далей справы пайшлі лепш, даход павялічыўся, які Дзяніс траціць не на бязмэтнае спальванне жыцця, а на незвычайныя захапленні.
Спачатку пад уплывам брата купіў сабе спартыўны матацыкл і з задавальненнем атрымліваў асалоду ад хуткасці свайго байка.
— Аднойчы з сябрам заехалі на спартыўны комплекс «Сілічы», — расказвае Дзяніс, — і ўзялі на пракат сноўборд. Здавалася, што гэта вельмі проста: стаў на дошку і едзь. Але ўсё аказалася намнога складаней.
У той дзень хлопцы так і не з’ехалі нават з самай маленькай горкі. Але разам з сінякамі прыйшла ўпартая думка набыць гэтую «тэхніку».
Першыя азы пачынаючы сноўбардзіст набываў на Замкавай гары.
— Галоўнае, — дзеліцца сваім вопытам юнак, — навучыцца трывала стаяць на нагах і трымаць раўнавагу.
У пошуках падыходзячых горак ён з сябрамі ездзіць на машыне па ўсім раёне. З кожным разам спускі становяцца больш крутымі, трампліны вышэйшымі.
На маё пытанне пра траўмы Дзяніс з усмешкай адказаў: «Сінякі ва ўлік не ідуць, а пералом рукі быў на першым годзе захаплення. Аднак, калі знялі гіпс, на дошку стаў ужо праз тыдзень.»
Як казала мачыха ў кінастужцы «Папялушка»: «Шкада, каралеўства малаватае, разгуляцца няма дзе.» Так і Д. Багдановічу зямной прасторы аказалася мала. І ён апынуўся сярод тых, хто, дзякуючы парывам ветру, пад рознакаляровымі купаламі (кайтам) на вялікай хуткасці нясецца па воднай прасторы Дрывят.
Па словах Дзяніса, усе гэтыя віды спорту, безумоўна, патрабуюць фізічнай загартоўкі, і са шкоднымі звычкамі яны ніяк не спалучаюцца. А адчуванне палёту, свабоды і выкід адрэналіну з ліхвой замяняе «п’яны» экстрым.
Ды і гэтага юнаку падалося мала. Зусім нядаўна ён набыў сабе джамперы (спартыўны трэнажор — прыгуны).
Убачыў мой здзіўлены погляд і засмяяўся: «Каліспрыяльнага ветру няма, можна і паскакаць.»
Але на гэтым ён таксама не хоча спыняцца і марыць асвоіць у вольны час яшчэ які-небудзь экстрэмальны від.

Алена Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *