На сцэну – у эксклюзіўных касцюмах

Актуальное

IMG_9930 (Small)За артыстызм і майстэрства самадзейных артыстаў Відзаўскага ДК любяць не толькі ў пасёлку. На рахунку калектыву шмат розных творчых перамог. Адна з апошніх — пераможца абласнога конкурсу сярод устаноў культуры аграгарадкоў.
Дом культуры наведваюць больш за 150 удзельнікаў мастацкай самадзейнасці рознага ўзросту. Для дарослых тут ёсць драматычны гурток, тэатр гульні “Забава”, народны ансамбль народнай песні “Відзаўчанка”. Юныя аматары самадзейнасці могуць для заняткаў па інтарэсах выбраць для сябе ўзорную студыю эстраднай песні “Фартуна”, танцавальны, драматычны гурткі і рукадзелля “Майстрыхі”. Многія з гэтых калектываў атрымалі прызнанне на самых розных конкурсах і фестывалях у вобласці, рэспубліцы і ў суседніх Літве і Латвіі.
У Відзаўскім ДК працуе сем чалавек, у тым ліку чатыры творчых спецыялісты.
І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц – менавіта так называюць у калектыве Вольгу Алёйдзан. Гэтыя словы як нішто іншае раскрываюць шырокі спектр захапленняў маладой жанчыны.
Родам Вольга з Латвіі. Ёй было шаснаццаць гадоў, калі сям’я пераехала жыць на Браслаўшчыну. Пасля школы дзяўчына не збіралася звязваць сваё жыццё з культурай, хоць яе мама Ядзвіга Антонаўна працавала ў Быстрамаўскім СДК. Аднак з паступленнем у ВНУ Вользе не пашанцавала, і яна пайшла на курсы закройшчыкаў. Праўда, пазней усё ж закончыла Віцебскае вучылішча мастацтваў па спецыяльнасці рэжысёр народных свят і абрадаў. Напачатку працавала разам з маці ў Быстрамаўцах, а потым выйшла замуж і пераехала ў Відзы, уладкавалася ў Дом культуры. Яна вядзе драмгурток для дарослых і для дзяцей, арганізуе розныя святы, ставіць спектаклі. Сёлета, дарэчы, у аглядзе-конкурсе маладых аматарскіх тэатраў сельскіх устаноў культуры “Тэатральныя далягляды вёскі”, які праходзіў у Падсвіллі, відзаўскія акцёры занялі трэцяе месца са спектаклем “Мікітаў лапаць”, плануюць абараніцца на званне “народнага”.
Працуючы ў Відзаўскім ДК, Вольга сутыкнулася з праблемай адсутнасці сцэнічных касцюмаў. Тут і ўзгадала пра сваю першую прафесію. У 2009 годзе арганізавала гурток “Майстрыхі”. Швейныя машынкі, ніткі, тканіну і ўсё астатняе для шыцця закупляюць за грошы, заробленыя на платных паслугах. Пачалі шыць сцэнічны гардэроб не толькі для пастановак, але і для танцораў, спевакоў. Сёння тут дзясяткі камплектаў для артыстаў, па 6 і больш адзінак кожнага фасону. Мадэлі прыдумваюць самі, а асноўная работа па іх рэалізацыі кладзецца, вядома ж, на рукі Вольгі Алёйдзан. Безумоўна, дапамагаюць ёй і падапечныя з гуртка “Майстрыхі”.
Сама дырэктар ДК Ганна Павініч за неабходным матэрыялам для касцюмаў ездзіць у Мінск.
Кожны касцюм відзаўскіх артыстаў – гэта эксклюзіў. Дарэчы, касцюмы Ірыскі і Клёпы многія маглі бачыць на выстаўцы, якая была арганізавана да Дня работнікаў культуры.
Вользе вельмі падабаецца работа. Як прызнаецца, вельмі ўседлівая, цярплівая, таму кройкай і шыццём займаецца з задавальненнем. “А як прыемна, — кажа, — калі сядзіш у зале, глядзіш выступленне самадзейных артыстаў і ведаеш, што касцюмы – гэта твая праца, твой аўтарскі дызайн”.

Зінаіда Палулех.
Фота з архіва Відзаўскага ДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *