Лечыць не толькі таблеткай, але і словам

Люди

IMG_0689 (Small)Богінскі фельчарска-акушэрскі пункт – гэта некалькі пакояў у невялікім будынку. Але ж у кожным з іх светла, утульна, усё дагледжана. І заўсёды ў белым халаце з добразычлівай усмешкай сустракае сваіх пацыентаў загадчыца ФАПа Арзу Пуцято. Вяскоўцы ж упэўнены, што з вопытным фельчарам, якая лечыць справай і словам, яны абавязкова хутка паправяцца.
Прызнацца, не кожны дзень сустракаеш у нашых мясцінах чалавека з такім незвычайным імем. Таму першае, што зацікавіла, як Арзу Айдынаўна трапіла ў наш раён.
– Нарадзілася і жыла я ў г.Баку. Маці мая была беларускай, родам з Вілейкі, а вось бацька – азербайджанец. У перакладзе з азербайджанскай мовы Арзу – гэта “мара”. Менавіта тата і выбраў для мяне такое незвычайнае імя, якое на Браслаўшчыне ёсць толькі яшчэ ў адной жанчыны. Пасля школы я задумала паступаць у Барысаўскае медыцынскае вучылішча і прыехала на радзіму маці, у Беларусь. А вось на Браслаўшчыну і богінскую зямлю мяне прывяло каханне.
Гісторыя выбару будучай прафесіі ў жанчыны незвычайная. Акрамя Арзу, у сям’і былі яшчэ два старэйшыя хлопчыкі. На жаль, у аднаго з братоў быў дзіцячы цэрэбральны параліч, маці вазіла яго па розных дактарах, некалькі разоў былі ў Маскве на лячэнні. З дзяцінства дзяўчынка прыглядала за братам, а ў душы марыла стаць доктарам і вылечыць яго ад гэтай хваробы. Так дзіцячыя мары сталі справай жыцця.
Скончыўшы вучылішча з чырвоным дыпломам, Арзу не вярнулася ў Баку, а па размеркаванні адправілася ў Вілейскую бальніцу. Там і сустрэла сваё каханне. Прыгожы хлопец з Браслаўшчыны пакарыў яе сэрца, і ўжо разам яны пераехалі ў Богіна.
Тут для жанчыны знайшлося месца працы. Кіраваць усім ФАПам адной спачатку было нязвыкла, але пакрыху новая загадчыца пазнаёмілася з тэрыторыяй абслугоўвання, жыхарамі, і справы пайшлі. Жыхары ж ніяк не маглі прывыкнуць да новага фельчара і яе імя, як толькі ні блыталі, а зараз ужо і не ўяўляюць, як яны без любімага фельчара. Лічаць яе граматным, адказным спецыялістам і шчырым, сардэчным чалавекам. А яшчэ яны сцвярджаюць, што лепшага фельчара, чым Арзу Пуцято, ім і не трэба. Ды і самой жанчыне гэта работа па душы.
У 2009 годзе на ФАПе правялі рамонт, замянілі некаторае абсталяванне, і зараз гэта сучасная медыцынская ўстанова. У зоне абслугоўвання Арзу Айдынаўны каля 12 вёсак і хутароў, яна стаіць на варце здароўя 452 чалавек, з якіх 89 дзяцей. Звычайны рабочы дзень жанчыны пачынаецца з прыёму хворых. Кожнага з іх яна ўважліва выслухае, праверыць стан здароўя, дасць неабходныя парады, выпіша патрэбныя рэцэпты і сама выдасць, тыя ці іншыя таблеткі, уколы, бо яна ж і гаспадыня мясцовай міні-аптэкі, медыкаменты ў якую прывозіць з райцэнтра.
Трэба таксама паспець запоўніць усе дакументы, а яшчэ наведаць хворых дома, правесці агляд школьнікаў і садаўцаў, зрабіць ім прафілактычныя прышчэпкі, вакцыны, наведаць пажылых вяскоўцаў, цяжарных жанчын.
Безумоўна, ёсць пацыенты, лячэнне якіх выходзіць за межы кампетэнтнасці загадчыцы фельчарска-акушэрскага пункта. Тады яна раіць звярнуцца да ўрача раённай паліклінікі. І потым абавязкова прасочыць за далейшым станам здароўя гэтага чалавека. А яшчэ ў апошні час жанчына працуе раз на тыдзень і на Вайнюнскім ФАПе – замяшчае мясцовага фельчара на час дэкрэтнага водпуску.
Сакрэт таго, як хутка паставіць чалавека на ногі, у Арзу Айдынаўны адзін: трэба лячыць не толькі таблеткай ці ўколам, але і словам. Увогуле ж работа ў фельчара не нармаваная, няма ў ёй строга акрэсленых рабочых гадзін і свабодных, свят і будняў – выклікаць могуць у любы час сутак. Бо клятва Гіпакрата для яе – даўно не пусты гук.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *