Гаранты ўпэўненасці ў заўтрашнім дні

Актуальное

IMG_9003 (Medium)З Жаннай Насыр, сацыяльным работнікам з Богіна, сустрэлася ў яе падапечнай Феафаніі Сарокі.
Нягледзячы на ранні час, у хаце ўжо была выцеплена печ, а сама гаспадыня ў акуратным адзенні і чорнай хустачцы снедала за сталом. У невялікай чыстай кухні смачна пахла варанай бульбай і каўбасой.
Даведаўшыся, што перад ёй карэспандэнт раённай газеты, пенсіянерка занепакоілася за свайго сацыяльнага работніка.
— Абавязкова напішыце пра нашу нястомную і клапатлівую Жанну. Не ведаю, што бы без яе рабіла, бо яна адзіная, хто кожны дзень са мной побач, — выціраючы слёзы, уздыхае Феафанія Мікалаеўна.
Муж памёр даўно. А два месяцы таму назад жанчына пахавала сына, які жыў у Латвіі. Вось і атрымалася, што сацыяльны работнік — першы памочнік і дарадчык.
— Не плачце, Мікалаеўна, у вас і так здароўе слабае, — зусім не па-службоваму супакойвае няшчасную маці Ж. Насыр. — Вось сёння ляжаце ў бальніцу, падлечыцеся, і будзем далей жыць.
Пакуль пенсіянерка расказвала пра сваё жыццё, сацработніца даварыла абед, яшчэ раз праверыла рэчы, якія сабралі ў бальніцу.
— Жанна такая руплівая, — гаворыць Ф. Сарока, — кожны дзень прыходзіць да мяне, нават у выхадны забяжыць. Прадукты прынясе, прыбярэцца, абед прыгатуе, лекі закупіць. Сацыяльны работнік — адзінае выратаванне для такіх бездапаможных, як я.
І сапраўды, толькі на месцы, гледзячы ў састарэлыя вочы, разумееш важкасць дапамогі з боку сацыяльнай службы нямоглым і адзінокім старым.
Цікаўлюся, чаму Ж. Насыр абрала такую нялёгкую працу.
— Па спецыяльнасці я парыкмахер, — расказвае Жанна Іванаўна. — Сюды пераехала, калі выйшла замуж. У вёсцы мая прафесія не спатрэбілася, таму ўладкавалася ў сацыяльную службу. І з цягам часу мае падапечныя сталі часткай маёй сям’і.
Амаль 15 гадоў яна абслугоўвае састарэлых людзей. У летнюю спёку ці зімовыя маразы, у любое надвор’е спяшаецца сацыяльны работнік да сваіх бабуль і дзядуляў, каб дапамагчы фізічна і маральна. А яны чакаюць сваю Жанну з нецярпеннем, бо ведаюць, што абавязкова прыйдзе і вырашыць многія праблемы.
— Нам далей трэба ісці, — схопліваецца сацработнік. — Мяне ж шмат хто чакае. А яшчэ сёння трэба Мікалаеўну ў Відзаўскую бальніцу адвезці, потым у раённую паліклініку з’ездзіць. А вечарам зноў зайсціся да бабуль. Работы хапае, але мне дапамагае мой муж, часам і дачка з сынам.
Падыходзім да дому Раісы Піровіч. А там ужо завіхаецца муж Жанны Іванаўны, які знаходзіцца ў водпуску. Ён носіць і складвае дровы.
Ж. Насыр акуратна стукае ў дзверы. Гаспадыня запрашае нас у хату. Тлумачу мэту свайго візіту, і Раіса Мікалаеўна з задавальненнем пачала расказваць пра сваіх памочнікаў:
— Гэта добрая і моцная сям’я. Жанна паспявае дагледзець не толькі старых падапечных. У яе хаце заўсёды чыста і ўтульна, летам дом патанае ў прыгожых кветках, трымаюць сваю гаспадарку. Муж Сяргей — майстар на ўсе рукі. Яны ўсюды разам. Вырасцілі і выхавалі ветлівых і спагадлівых дзяцей. У вёсцы іх вельмі паважаюць.
Р. Піваровіч прыгадала, з якой цеплынёй і пяшчотай Жанна Іванаўна зусім не па службовых абавязках прыглядала за нямоглымі старымі мужам і жонкай, пакуль тыя не памерлі. Ён быў інвалід па зроку, а бабуля наогул не магла хадзіць.
— Дык наша Жанна, як ёй ні было цяжка, — узгадвае мая субяседніца, — па два разы на дзень да іх хадзіла.
Развітваемся з гаспадыняй і накіроўваемся ў в. Хвасты да Леанілы Насыр.
Жанчына зламала нагу і ляжыць ўжо больш за два месяцы. Таму сацработніцы прыходзілася амаль цэлымі днямі знаходзіцца каля хворай.
Зусім нядаўна ў водпуск прыехала дачка Леанілы Валяр’янаўны, каб даглядаць маці. Але гэта не значыць, што ў сацыяльнага работніка не засталося работы. Купіць прадукты, лекі, завесці хворую ў бальніцу — клопат Ж. Насыр.
Несумненна, у людзей гэтай нялёгкай, але ўдзячнай прафесіі – вялікае сэрца. У гэтым я пераканалася, правёўшы з сацработнікам усяго адзін няпоўны працоўны дзень.
Для пенсіянераў іх сацыяльныя «апекуны» – не проста сябры, паўнапраўныя члены сям’і, але і гаранты ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *