Давядзецца пачакаць

Актуальное

iskus_elkaНапярэдадні Новага года на плошчы перад райвыканкамам з’явіўся галоўны сімвал навагодняга свята – жывая ёлка. Сёлета было задумана поўнасцю змяніць дызайн галоўнай навагодняй ёлкі горада, зрабіць яе сучаснай і стыльнай. Для гэтага планавалася ў аснову прыгажуні закласці металаканструкцыю. Гэта стала б выдатным падарункам браслаўчанам напярэдадні навагодніх свят. Аднак па збегу абставін, як і раней, плошчу перад райвыканкамам упрыгожыла лясная ёлка.
Металаканструкцыя для новай ёлкі ўжо гатова і нават прывезена ў Браслаў, але, на жаль, пакуль яна не можа быць устаноўлена. Для гэтага ёсць аб’ектыўныя прычыны. Калі ў пачатку гэтага года прадпрыемству ААТ “Магілёўскі завод металаканстрункцый” падавалі заяўку ад раёна, там была вялікая колькасць заказаў. З-за гэтага зяцягнуліся і тэрміны з вырабам канструкцыі для нашага раёна. У выніку каркас, які, дарэчы, набыты за сродкі, што былі зароблены на суботніку, быў гатовы толькі тыдзень таму назад.
Канструкцыю вышынёй 18 метраў і вагой 2,7 тоны ў мэтах бяспекі трэба ўмацоўваць. Для гэтага неабходна выканаць пэўныя будаўнічыя работы, зрабіць новую бетонную пляцоўку і іншае. Выканаць іх у кароткі тэрмін ды яшчэ зімой, калі тэмпературны рэжым нізкі, на жаль, немагчыма, таму новую ёлку мы ўбачым толькі на наступны Новы год.
Хацелася б растлумачыць і яшчэ адну праблему. Шмат пытанняў і нараканняў у апошні час выклікае ў браслаўчан той факт, што не працуюць новыя доўгачаканыя святлафоры. Усё устаноўлена згодна з праектам і амаль гатова да работы, засталося толькі падключыць электрычнасць. Але пракласці правады трэба пад праезнай часткай. Таму нельга абысціся без пашкоджання дарожнага палатна. Рабіць гэта зімой у складаных умовах надвор’я і ствараць перашкоду вадзіцелям не рацыянальна. Вось і вырашана адкласці работы па падключэнні святлафораў да вясны. Не выключаецца і той факт, што за гэты час праект будзе перагледжаны і знойдзены іншыя шляхі, каб не кранаць асфальтавае пакрыццё. Вясной пасля падключэння электрычнасці святлафоры “заступяць” на паўнавартаснае дзяжурства.

Іван Бялусь,
начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *