«Браслаўскі экспрэс» пакарылі «жданаўцы»

Власть и общество

IMG_8722 (Small)“Браслаўскі экспрэс”, які выехаў мінулым нядзельным вечарам з раённага Дома культуры, прыпыніўся ў “жданаўскай” школе. А ў вагонах разам з педагогамі СШ №1 ехалі ў захапляльнае падарожжа музыкі, гумару, артыстычнасці каманды з хлебазавода, райгаза, райпа, РВЭС.
У тым, што ў Браславе шмат маладых таленавітых людзей, змаглі ў чарговы раз упэўніцца ўсе, хто прыйшоў на шоу “Браслаўскі экспрэс”. На працягу амаль трох месяцаў, каб мерапрыемства ўдалося і спадабалася гледачам, з удзельнікамі каманд шчыра працавалі спецыялісты РДК пад кіраўніцтвам рэжысёра Яўгена Набеева. Разам з харэографам Кацярынай Бабчонак адточвалі танцавальныя рухі. Марына Карач дапамагала ў падрыхтоўцы песенных конкурсаў. І ўсё ж асноўная адказнасць лягла на плечы саміх удзельнікаў, якім трэба было і працаваць, і хадзіць на рэпетыцыі. Праўда, іх стараннасць, упартасць і сапраўдная зацікаўленасць у тым, каб пакарыць журы, гледачоў, калег сваім выступленнем, заслугоўвае самай высокай ацэнкі.
Шоу “Браслаўскі экспрэс” стала своеасаблівым працягам праекта “Цудоўная пяцёрка”, але з новымі цікавымі задумкамі – гумарыстычнай мініяцюрай, рэмейкамі вядомых беларускіх шлягераў. Шчыра кажучы, шоу прайшло на адным дыханні, было не зацягнута па працягласці за кошт змяншэння конкурсаў. Кожная з пяці каманд — “Пан Булкін” (хлебазавод), “Сектар газа” (райгаз), “Школа строгага рэжыму” (СШ №1), “Wi-fi” (РВЭС) і “СП – слугі спажыўца” (райпа) стараліся прадэманстраваць не толькі сваю артыстычнасць, але і праявіць выдумку, фантазію.
Было сапраўды шмат яркіх момантаў ва ўсіх конкурсах – у музычнай прэзентацыі сваіх калектываў, тэатралізаваных мініяцюрах. У неардынарнай імправізацыі прагучалі і беларускія шлягеры. Аднак па ацэнках журы можна было яшчэ задоўга да абвяшчэння вынікаў вызначыць пераможцаў. “Жданаўцы” з самага пачатку ішлі на прыступку вышэй за сваіх сапернікаў. Заварожвала грацыёзнасць педагогаў-жанчын, іх да дробязей прадуманы сцэнічны імідж, трапны гумар і артыстызм, адточанасць ва ўсіх рухах. Гэты вобраз вельмі ўдала дапаўняў адзіны ў камандзе мужчына Аляксандр Крышталевіч.
На сцэне “Школа строгага рэжыму” выглядала далёка зусім не строгай, а інтэлігентнай. Выступленні каманды былі і ідэалагічна вытрыманымі. Усе члены журы ацэньвалі педагогаў толькі “пяцёркамі”.
Другое месца падзялілі каманды райгаза і РУЭС, а трэцяе – хлебазавода і райпа. Усе атрымалі падарункі і салодкія прызы.
Віншуючы ўсіх удзельнікаў шоу, старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, які ўзначальваў журы і ўручаў узнагароды, падзякаваў усім за падораны цудоўны настрой, за ўменне радаваць гледачоў, а работнікам культуры пажадаў новых творчых ідэй, якія дапамагаюць раскрываць здольнасці браслаўчан і збіраць у РДК такія аншлагі.
Усе дзяўчаты, хто выступаў на сцэне, атрымалі таксама падарункі ад касметычнай кампаніі “tianDe”.
Ніводную каманду не падвялі і балельшчыкі. Яны прыйшлі з шарамі, кветкамі, плакатамі, віталі сваіх калег і сяброў песнямі, крычалкамі.
Вельмі спадабаліся гледачам мініяцюры ў выкананні Яўгена Набеева і Аляксандра Александрова, гумарыстычныя дыялогі старога машыніста і маладога спецыяліста. Яны былі вельмі трапнымі.
Што ж, нам застаецца толькі чакаць новых творчых задумак ад работнікаў культуры, якія ў чарговы раз падораць шмат пазітыўнасці і прыемных уражанняў.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *