Тонкія струны душы Альберта Белуся

Люди

IMG_8526 (Small)Нядзельным вечарам 24 лістапада на творчую сустрэчу з музыкантам, аўтарам музыкі, дырэктарам Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў, чалавекам, улюбёным у браслаўскі край Альбертам Белусём, якая ладзілася ў Ахрэмаўскім цэнтры нацыянальнай культуры, прыйшлі яго былыя вучні, калегі, знаёмыя. Сімвалічна, што такое мерапрыемства прайшло менавіта ў Ахрэмаўцах, бо А. Бялусь удзельнічаў у рэканструкцыі музычнай школы і цэлых сем гадоў працаваў яе дырэктарам.
Вядучая сустрэчы Валянціна Кука шмат расказала пра госця, а тыя, хто прыйшоў на сустрэчу, маглі бачыць эпізоды яго біяграфіі на мультымедыйнай устаноўцы.
Нарадзіўся Альберт Бялусь у вёсцы Чэрнішкі Опсаўскага сельсавета. У хлопчыка з дзяцінства была цяга да музыкі. У тыя гады музычных інструментаў на вёсцы не было, таму “музыцыраваў” на кніжках. Пазней навучыўся іграць на гармоніку. Бацька Альберту тады сказаў: “Будзеш музыкантам, настаўнікаў у вёсцы хапае”.
З перапынкам на службу ў армію Альберт закончыў Маладзечанскае музычнае вучылішча. Там жа пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ірынай, з якой з 1978 года крочыць разам па жыцці.
Закончыў Альберт Бялусь і Даўгаўпілскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці гісторык, аднак свайму прызванню не здрадзіў. Музыка заўсёды заставалася для яго важней.
Пятнаццаць гадоў А. Бялусь працаваў на пасадзе загадчыка аддзела культуры райвыканкама. А ўвогуле гэтай галіне ён прысвяціў больш за трыццаць гадоў сваёй працоўнай біяграфіі.
Аднойчы да “Браслаўскіх зарніц” спатрэбілася добрая, жыццесцвярджальная фінальная песня. Альберт Альфонсавіч звярнуўся з просьбай да мясцовай паэтэсы Тэрэзы Крумплеўскай напісаць сардэчныя словы пра родныя мясціны, а сам паклаў іх на музыку. Так і нарадзілася вядомая цяпер усім песня “Браслаўскі край”.
Усяго А. Бялусь напісаў музыку больш чым да 30 песень на словы Т. Крумплеўскай, даўгаўпілскага паэта Станіслава Валодзькі, іншых майстроў вершаванага слова. Яны гучалі і гучаць на розных мерапрыемствах у выкананні народнага ансамбля беларускай песні “Сябрына”, яго салістаў Л. Лаўрыновіча, В. Кукі, В. Сіроткі, народнага ансамбля народнай песні “На панадворку”. Іх любяць выконваць розныя творчыя калектывы з Даўгаўпілса.
Песні А. Белуся ў асноўным лірычныя, ёсць, праўда, і жартоўныя. У прыватнасці, цудоўныя словы адной з такіх песень “Як ажаніўся, зажурыўся” напісаў мой былы калега М. Дзянісаў.
На сустрэчы, якая прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы, гучала шмат песень, шчырых слоў у адрас госця. А. Бялусь адказаў на шматлікія пытанні гледачоў пра сваё жыццё і творчасць. Не абышлося без кветак і падарункаў. Іх уручылі старшыня Ахрэмавецкага сельвыканкама Святлана Багародзь, калектыў цэнтра нацыянальнай культуры. Напрыканцы вечара Альберт Бялусь узяў у рукі баян і разам з залай спяваў любімыя песні.
Гледачы разыходзіліся з надзеяй на новую сустрэчу з гэтым творчым чалавекам, жадалі яму новых аўтараў, натхнення, песень.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *