Працаваць, так укладваючы душу

Актуальное

IMG_8282 (Small)Так лічыць Інэса Васілевіч, аператар па дарошчванні буйной рагатай жывёлы фермы “Купчэлі” СВК “Маяк Браслаўскі”. Маладая жанчына толькі адказна і старанна выконвае сваю работу. За гэта яе паважаюць і калектыў, і кіраўніцтва гаспадаркі.
Перш чым сустрэцца з Інэсай, вырашыла пацікавіцца пра шчырую працаўніцу менавіта ў загадчыцы фермы “Купчэлі” Яніны Васілевіч. Жанчына толькі самымі лепшымі словамі ахарактарызавала сваю падначаленую, адзначыўшы, што Інэса заўсёды ў час і добра выканае работу, ніколі не спозніцца на працу, і кантраляваць яе не трэба, а яшчэ яна добрая гаспадыня.
Родам Інэса з латвійскага г. Даўгаўпілса, пра тое, што будзе жыць на Браслаўшчыне, нават не думала. Але аднойчы лёс звёў яе з мясцовым хлопцам, які потым стаў мужам, а ўжо за ім дзяўчына пераехала ў в. Даўблі. Спачатку ўладкавалася ў школу прыбіральшчыцай, а потым ёй прапанавалі перайсці на працу ў СВК.
Пачынаць было складана, але Інэса хутка зразумела сутнасць абавязкаў, і, справы, як кажуць, пайшлі. Зараз пад апекай вопытнага аператара па дарошчванні 55 цялят. Тры разы пакарміць, прасачыць, каб было чыста, а яшчэ вады нанасіць, кармы даставіць і раздаць — вось абавязкі даглядчыцы жывёлы. І такая работа патрабуе дакладнага ведання дзясяткаў маленькіх дробязей, без якіх не будзе поспехаў у працы.
За свае без малога 7 гадоў працы ў жывёлагадоўлі Інэса Васілевіч ведае, як наладзіць сваю работу, знайсці падыход да маленькіх гадаванцаў комплексу, якіх праз яе рукі прайшло нямала.
— Усё аддаеш цяляткам, і час, і сілы. Прыемна назіраць за тым, як яны чакаюць і сустракаюць. Калі старанна выконваеш свае абавязкі, душу сваю ўкладаеш у працу, і цяляты адказваюць падзякай, – адказала на маё пытанне аб сакрэце прафесійнага поспеху Інэса Васілевіч.
Калі цялят нішто не непакоіць, то яны здаровыя, і развіваюцца, як трэба. Безумоўна, такія адносіны да сваёй працы вопытнага аператара найлепшым чынам адбіваюцца і на выніках: сярэднясутачныя прыбаўкі ў яе групе складаюць 995 грамаў, а гэта +187 г да вынікаў мінулага года. За сваю работу жанчына не раз чула словы падзякі ад кіраўніцтва, станавілася пераможніцай у раённым конкурсе і атрымлівала ганаровыя граматы.
– Такую сумленную і адказную работніцу яшчэ пашукаць, – гаворыць галоўны заатэхнік СВК “Маяк Браслаўскі” Леанід Барткевіч. – Інэса старанная, цалкам выконвае патрабаванні па тэхналогіі, адпаведна і прывагі ў яе такія значныя. А гледзячы на яе, і астатнія работнікі падцягваюцца.
Назіраючы за тым, як жанчына спрытна ўвіхаецца каля цялят, зразумела, чаму і прывагі ў яе гадаванцаў самыя высокія. Інэса за любую справу бярэцца з жаданнем, выконвае яе акуратна і хутка. Цяляты ж, калі чуюць знаёмы голас, даверліва цягнуцца да клапатлівых і ласкавых рук жанчыны.
Пасля работы Інэса спяшаецца дадому, дзе таксама хапае спраў, чакаюць муж і дзеці. А яшчэ ў хуткім часе сям’я Васілевіч справіць наваселле ў новым доме, які ім выдзеліла гаспадарка.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *