Дапаможа адчыніць акно ў свет

Актуальное

IMG_6983 (Small)Для большасці людзей тэлевізар з’яўляецца акном у свет. Седзячы ў мяккім крэсле, бяром у рукі пульт і звыкла націскаем кнопку. Яшчэ раз, яшчэ, яшчэ… А тэлевізар так і не ўключыўся. І з жахам разумеем, што ён зламаўся. Першая разумная думка, якая ўзнікае пасля стрэсу, хутчэй «рэанімаваць» свайго тэлесябра.
Адна з такіх «рэанімацый» для тэлетэхнікі ў нашым горадзе знаходзіцца па вул. Энгельса і называецца «Гарант». Ужо звыш 40 гадоў займаецца ён паслугамі па рамонце тэлевізараў. А працуе ў ёй радыёмеханік Альфрэд Шавец.
Яшчэ ў дзяцінстве хлопец пачаў захапляцца радыётэхнікай. А служба на флоце сувязістам не толькі павялічыла зацікаўленасць да электраапаратуры, а і надала значныя веды ў гэтай сферы. Таму пасля службы юнак паступіў у Брэсцкае тэхнічнае вучылішча сувязі, пасля заканчэння якога ўжо 24 гады прыкладае намаганні, каб тэхніка была спраўнай.
Ва ўтульным і нядаўна адрамантаваным памяшканні тэлемайстэрні на стэлажах стаяць тэлевізары розных марак і мадэлей. Адны з іх адрамантаваны і гатовы вярнуцца дадому, другія стаяць у чарзе, каб трапіць у прафесійныя рукі майстра.
— Наплыў заказаў назіраецца ў асенне-зімовы перыяд, — паведаміў А. Шавец, — калі скончыліся сельгасработы і людзі больш часу праводзяць перад тэлеэкранамі.
У большасці выпадкаў гэта апаратура, якая была ў эксплуатацыі каля 10 гадоў. Аднак зламацца могуць і новыя тэлевізары як айчынных вытворцаў, так і вядомых замежных фірм. Па гарантыі абслугоўваецца толькі тэхніка, якую выпускае прадпрыемства «Гарызонт». Неабходныя запчасткі пастаўляюцца непасрэдна з завода, што дазваляе правесці рамонт якасна і ў тэрмін.
Па словах тэлемайстра, цяжэй з тэлевізарамі, якія выпушчаны не ў нашай краіне. Не заўсёды можна знайсці патрэбную дэталь, таму прыходзіцца падбіраць аналагічныя.
За гады сваёй працы Альфрэд Паўлавіч пабываў практычна ў кожным доме, таму ведае амаль што большую палову горада. Даводзіцца сутыкацца з рознымі людзьмі і выпадкамі, нават камічнымі.
А. Шавец прыгадаў часы, калі ў лямпавых тэлевізарах вельмі часта знаходзіў мышыныя гнёзды і іх жыхароў. А некалькі гадоў таму назад тэлемайстра на дом выклікаў мужчына, які схаваў ад жонкі грошы ў шчылінку сваёй «тэлекапілкі», а потым не змог самастойна яе дастаць.
Сутыкаецца Альфрэд Паўлавіч падчас сваёй прафесійнай дзейнасці з нядбайнымі і нядобрасумленнымі карыстальнікамі кабельнага тэлебачання, якія не хочуць плаціць за паслугі вяшчання. За нявыплату даўжнікі пазбаўляюцца шматканальнай разнастайнасці, што, безумоўна, ім не падабаецца, таму многія з іх употай падключаюцца да суседзяў. Як адзначае тэлемайстар, на дзіва, крадзяжом тэлевяшчання «грашаць» не толькі асацыяльныя сем’і, а і прыстойныя людзі.
Таму хочацца нагадаць паважаным жыхарам: за ўсё трэба плаціць.
А рамантаваць тэлетэхніку радыёмеханік прапануе лепш у майстэрні, бо тут створаны ўсе ўмовы для якаснага рамонту. А вясковыя жыхары могуць скарыстацца паслугай РКБА, які даставіць тэлевізар да прафесіянала ў тэлеатэлье «Гарант».

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *