Вялікае шоу ад маленькіх прынцэс

Власть и общество

1Пра тое, што ладзіць вясёлыя і цікавыя мерапрыемствы ў вясковых Дамах культуры ўмеюць не горш, чым у раённым, даводзілася ўпэўніцца не аднойчы. У чарговы раз пераканалася ў гэтым падчас конкурсу пад назвай “Супердзеткі”, які прайшоў у Відзаўскім Доме культуры.
Калі звычайна конкурсы вызначаюць самага галасістага, танцуючага ці творчага ўдзельніка, то арганізатары вырашылі спалучыць усё гэта ў адной шоу-праграме і выбраць “самую-самую”, якой і дастанецца тытул “Супердзетка”. У конкурсе пажадалі прыняць удзел 6 маленькіх відзаўчанак, якія на працягу некалькіх гадзін дарылі гледачам добры настрой і здзіўлялі сваімі талентамі.
Выпрабаванні іх чакалі сур’ёзныя, але маленькія прыгажуні адказна да іх падрыхтаваліся, таму ўпэўнена выступалі на сцэне. З залы іх падтрымлівалі родныя і знаёмыя. У першым туры – “Давайце пазнаёмімся”, дзе ўдзельніцам трэба было расказаць пра сябе, выдатна з заданнем справіліся ўсе дзяўчынкі. Яны, як маленькія прынцэсы, какетліва выходзілі на сцэну, дэманстравалі свае прыгожыя сукенкі і ў вершах расказвалі пра сябе, сям’ю, чым захапляюцца і займаюцца ў вольны час. Зала з задавальненнем пазнаёмілася са Златай Адамовіч, Дашай Сапрыкінай, Машай Мацкевіч, Янай Бачкоўскай, Наташай Вясной і Вікай Пашкевіч.
У конкурсе “Супергаласок” дзяўчынкі падарылі гледачам жартаўлівыя і ўсімі любімыя дзіцячыя песні. А падчас іспыту “Супертанец” здзівілі сваімі танцавальнымі здольнасцямі. Дапамагаў жа ім на сцэне танцавальны калектыў “Усмешка”.
Апошнім выпрабаваннем для маленькіх прынцэс стаў у большасці тэатральны конкурс “Суперталент”. Дзяўчынкі прымервалі на сабе вобразы Машы, Шапакляк, Разбойніцы, Царэўны і паказвалі свае творчыя здольнасці.
Нарэшце наступіў самы хвалюючы момант – узнагароджанне. Нікога не пакінула раўнадушным маленькая прыгажуня Злата Адамовіч, яна і заваявала тытул “Супердзетка”. Але пакрыўджаных у гэты дзень не было, усе дзяўчынкі атрымалі падарункі і шмат апладысментаў.
Такое шоу – вынік сумесных намаганняў арганізатараў конкурсу, саміх дзяўчынак і іх бацькоў. Разам ім удалося падарыць гледачам сапраўднае свята.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *