Прысвяціла сябе вясковай школе

Актуальное

IMG_6093 (Small)Быстрамаўская базавая школа — дзіцячы сад — гэта аазіс жыцця не толькі аднайменнай вёскі, але і ўсіх навакольных населеных пунктаў. Ды і сумесныя намаганні адміністрацыі, педкалектыву і вучняў прыносяць станоўчыя вынікі: школа займае лідзіруючыя пазіцыі сярод сельскіх навучальных устаноў раёна.
Напярэдадні Дня настаўніка мяне гасцінна сустрэла дырэктар Ніна Іванаўна Лук’янчык. Усё сваё жыццё яна прысвяціла развіццю вясковых дзяцей, спачатку ў якасці настаўніка фізікі, а адзінаццаць апошніх гадоў упэўнена кіруе Быстрымаўскай базавай школай — дзіцячы сад.
Ва ўтульным кабінеце дырэктара пачалася наша размова пра надзённыя справы і перспектывы.
— На сённяшні дзень у нас займаюцца 40 вучняў і 8 дашкольнікаў наведваюць дзіцячы сад. Працоўны калектыў нашай школы невялікі 17 чалавек, — уводзіць у курс справы Н. Лук’янчык. — Якія перспектывы ў школы — цяжка сказаць. Па нашых падліках, у бліжэйшыя тры — чатыры гады вучняў будзе прыблізна столькі ж. І ў дзіцячым садзе таксама будуць выхаванцы.
Перспектывы ўсё ж не вельмі надзейныя, але ні дырэктар, ні педкалектыў не сядзяць склаўшы рукі і не гадаюць на кававай гушчы закрыюць іх або не.
Падчас экскурсіі па школе была прыемна здзіўлена абстаноўкай і афармленнем класаў. Усе яны светлыя, утульныя, з новай мэбляй, — а ў пачатковых класах — з рэгулятарам росту, з сучаснымі дошкамі, на сценах прыгожыя шпалеры. Кожны клас упрыгожваюць арыгінальныя «зялёныя зоны», у шафах шмат метадычнага матэрыялу, багаты этнаграфічны куток у класе гісторыі.
Дарэчы, гэта адзіная базавая школа, ў якой ёсць трэнажорны клас. Бегавая дарожка, велатрэнажор, шматфункцыянальная лаўка, набор гантэляў — усё гэта набылі ў 2010 годзе, і абышоўся спартыўны інвентар у 17 млн. рублёў.
Безумоўна, акрамя здзіўлення ад убачанага, у мяне ўзнікала і пытанне, як пры дэфіцыце грашовых сродкаў ўдаецца ствараць такія цудоўныя ўмова для вучобы і працы.
— Многае зроблена пры падтрымцы райвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму і праўлення ААТ «Альшанка», — тлумачыць дырэктар . — А яшчэ шукаю спонсараў. Не ўсе згаджаюцца дапамагчы, але ёсць добрыя людзі, дзякуючы якім наша школа набыла такі сучасны і прывабны выгляд.
Пад ляжачы камень вада не цячэ, таму Ніна Іванаўна стукаецца ва ўсе дзверы, каб у школе і вучні, і настаўнікі не адчувалі сябе на перыферыі жыцця.
У навучальнай установе працуюць зацікаўленыя педагогі, якія любяць сваю справу, творча падыходзяць да навучальнага працэсу, знаходзяць агульную мову з навучэнцамі. У большасці і дзеці разумеюць важнасць атрымання ведаў. Усё гэта ідзе на карысць навучальнаму працэсу. Пра што сведчаць дыпломы і выдатныя вынікі на раённых алімпіядах, конкурсах, спаборніцтвах.
Па словах Ніны Іванаўны, і працоўнае навучанне таксама з’яўляецца важным накірункам у адукацыйным працэсе. Дзеці і настаўнікі шчыруюць на прышкольным участку і забяспечваюць уласную сталовую гароднінай. Дзякуючы намаганням вучнёўскага і педагагічнага калектыву, тэрыторыя вакол школы мае ўзорны выгляд.
Нездарма не першы раз Быстрамаўская базавая школа — сад з’яўляецца пераможцам раённага агляду-конкурсу на лепшую гатоўнасць установы адукацыі да навучальнага года.
Дзецям падабаецца іх родная школа, бацькі, безумоўна, задаволены тым, што ёсць на месцы навучальная ўстанова.
Давялося пабываць і ў дзіцячым садзе. Дзеці разам з выхавацелямі гулялі ва ўтульным пакоі, абсталяваным спецыяльнай дзіцячай прыгожай і вясёлай мэбляй. У садку ўсё прадумана да дробязей, каб малыя мелі магчымасць не толькі бавіць свой час, а і рыхтавацца да школы.

Спадабалася і спакойная працоўная атмасфера ў навучальнай установе. Прыезд карэспандэнта ніяк не ўзрушыў наладжаны працэс. У гэтым трэба адзначыць заслугу дырэктара Ніны Іванаўны. Гэта вытрыманая дзелавая жанчына, кампетэнтны педагог, сапраўдны кіраўнік, нягледзячы на занятасць, знаходзіць час, каб пагутарыць з кожным настаўнікам і вучням, дапамагчы вырашыць праблемы. А гэта і ёсць асноўны паказчык прафесіяналізму кіраўніка.
Нездарма добрасумленная праца дырэктара Н. Лук’янчык неаднойчы адзначана ганаровымі граматамі аблвыканкама і райвыканкама.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *