Настаўнік — гэта прызванне

Власть и общество

IMG_6165 (Small)У першую нядзелю кастрычніка мы віншуем прадстаўнікоў адной з самых шматлікіх і галоўных прафесій — педагогаў.
Настаўнік — гэта першы пасля бацькоў чалавек, памяць пра якога застаецца калі не назаўсёды, то вельмі надоўга. У школьныя гады мы, як губка, убіраем у сябе ўсё добрае, што дае нам педагог. Набытыя веды, вопыт становіцца базай для далейшага развіцця чалавека.
Напярэдадні Дня настаўніка ў раённым Доме культуры адбылося традыцыйнае ўрачыстае мерапрыемства, падчас якога каля ста настаўнікаў, выхавальнікаў і кіраўнікоў гурткоў за сваю нястомную працу былі ўзнагароджаны граматамі, атрымалі кветкі і падарункі.
Адкрыў свята педагогаў старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. У сваім прывітальным слове ён адзначыў, што педагог — гэта стваральная прафесія, настаўнік заўсёды ідзе ў нагу з часам, і ў нашым раёне ёсць вялікі інтэлектуальны патэнцыял. Пра гэта сведчаць і каля 50 настаўнікаў, якія адзін за адным выходзілі на сцэну і пад шчырыя апладысменты атрымлівалі ад кіраўніцтва раёна граматы Міністэрства і ўпраўлення адукацыі.
Не засталіся без увагі, віншаванняў і памятных падарункаў і педагогі, якія сёлета выйшлі на заслужаны адпачынак. Вядучыя ўзгадалі асноўныя вехі працоўнай біяграфіі кожнага з іх, а з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі можна было ўбачыць іх фотаздымкі ў маладосці. Ад імя ветэранаў працы В. Карэнік, зазначыла, што старэйшае пакаленне з радасцю перадае свае веды і вопыт маладым, заўсёды іх падтрымлівае. Ветэраны падарылі маладому папаўненню сімвалічны ключ ад скарбонкі ведаў і вучнёўскіх сардэц.
За шматгадовую плённую працу «маладых пенсіянераў» аддзячыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская.
А потым на сцэну ўзняліся пераможцы намінацыі «Твар прафесіі». Граматы аддзела адукацыі ім ўручыў яго начальнік Іван Абаровіч і пажадаў далейшых поспехаў.
Віншаванні і ўзнагароды перамяжоўваліся цудоўнымі музычнымі нумарамі вакальнай групы «Раніца», танцавальнага калектыву «Усмешка», салістаў Браслаўскага РДК і народнага ансамбля песні «На панадворку».
Трэба адзначыць, што сярод работнікаў адукацыі многа людзей таленавітых не толькі ў прафесіі, а і ў мастацтве. Цікавай была пастаноўка педагогаў Кансталінскай школы, у якой настаўнікі на манер урыўка з вядомага фільма «Службовы раман» з гумарам расказалі, як можа змяніцца настаўнік пасля закрыцця школы.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_6165 (Small) IMG_6168 (Small) IMG_6208 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *