IMG_5755 (Small)

Захавальнікі храма ведаў і дабрыні

Власть и общество

IMG_5755 (Small)Праца бібліятэкара асаблівая. Яна патрабуе не толькі любові да сваёй прафесіі, але і глыбокіх ведаў. Сучасны бібліятэкар – свайго роду ўніверсал: мова- і літаратуразнаўца, псіхолаг. Ён трымае ключ мудрасці. Ён збіральнік, захавальнік і праваднік чалавечай думкі. Жыццё прымушае бібліятэкара быць завадатарам, няспынным рухавіком для таго, каб людзі ішлі ў бібліятэку, каб не пасялілася нуда і пустэча ў чалавечых душах.
Напярэдадні свайго прафесійнага свята ў зале РДК бібліятэкары раёна правялі насычанае і цікавае мерапрыемства. На святочны агеньчык завіталі прадстаўнікі ўлады, адукацыі, культуры і жыхары горада.
На пачатку ўрачыстасці падчас электроннай прэзентацыі «Бібліятэкі Браслаўшчыны: гісторыя і сучаснасць» шматлікія госці мелі магчымасць успомніць, як з’явілася першая хата-чытальня ў нашым краі і як, дзякуючы руплівым намаганням работнікаў бібліятэкі, яна ператварылася ў сапраўдны храм ведаў і дабрыні.
Потым намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Высоцкая ад імя мясцовай улады і сябе асабіста павіншавала прысутных з прафесійным святам і ўручыла падзякі старшыні райвыканкама лепшым прадстаўнікам галіны Любові Бондар і Зоі Новік.
Не абмінуў сваёй увагай свята захавальнікаў мудрасці чалавечай аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Яго начальнік Наталля Спірыдонава таксама прыйшла выказаць словы падзякі, віншавання і адзначыць граматай плённую работу Іны Храмцовай, Іны Болундзь і Галіны Мацеша.
Кніга — даўні і верны спадарожнік чалавека. Тысячагоддзямі яна — рукапісная, друкаваная, сёння электронная — ляжыць у аснове навучання чалавека. Яна падмурак усебаковага развіцця асобы, велічная каштоўнасць цывілізацыі.
«Чым для вас з’яўляецца кніга?» — менавіта з такім пытаннем звярнуліся супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі да кіраўніцтва раёна, працуючых і пенсіянераў, дарослых і дзяцей. Адказы на гэтае пытанне ляглі ў аснову стварэння буклета «Кніга для мяне — гэта…», прэзентацыя якой адбылася на свяце.
Прыгожым і змястоўным вершам на беларускай мове, у якім выказана любоў і павага да кнігі, адказала на гэтае пытанне адзін з аўтараў буклета, дырэктар Браслаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Ляснеўская.
Кожны год сваё прафесійнае свята бібліятэкары нашага раёна стараюцца адзначыць новымі дасягненнямі, цікавымі мерапрыемствамі. Вось і ў гэты дзень яны яшчэ раз прадэманстравалі сваю творчую фантазію ў конкурсе «Фота з любімай кнігай». Аўтары самых цікавых і ўдачлівых фотаздымкаў былі ўзнагароджаны невялікімі прэзентамі.
На працягу 60 гадоў Браслаўская дзіцячая бібліятэка з радасцю сустракае сваіх самых цікаўных і патрабавальных чытачоў, дзе нястомныя прафесіяналы сваёй справы дапамагаюць дзецям адправіцца ў цудоўную краіну «Чыталію», знайсці адказы на самыя складаныя пытанні.
Самым заўзятым маленькім наведвальнікам, тым, хто паставіў рэкорды, чытаючы кнігі ў бібліятэцы, працавітая пчолка Майя і яе цётка ўручылі медалі і падарункі. Не абмінулі яны ўвагай і сям’ю, дзе чытаюць усе — ад малых да вялікіх. Гэта сям’я Архіпенкаў.
Арганізатары свята не пакінулі без увагі тых, хто ўсё жыццё прысвяціў прафесіі. Шмат цёплых і удзячных слоў гучала ў адрас ветэранаў бібліятэчнай справы. Усе яны атрымалі кветкі і сувеніры.
Падчас мерапрыемства песнямі і танцамі ўзнімалі святочны настрой бібліятэкар Тамара Балтунова, супрацоўнікі Дома культуры і выхаванцы Цэнтра дзяцей і моладзі.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.