Не згубілася ў цемры вякоў

Власть и общество

IMG_5670 (Small)Ад старажытных часоў да сучаснай творчасці песняроў беларускіх багатую духоўную спадчыну Беларусі прадаўжае традыцыйнае свята пісьменства. Яно сведчыць пра тое, што беларусы ведаюць свае духоўныя карані, зберагаюць дасягненні мінулых пакаленняў і ўпэўнена будуюць сваю сучаснасць і будучыню.
Сёлета свята слова 1 верасня адзначалі ў г. Быхаве. Не стала выключэннем і наша родная Браслаўшчына — чацвёрты год ва ўтульнай зале РДК сабраліся аматары роднай мовы.
Яшчэ перад пачаткам урачыстага мерапрыемства ў фае гучалі цымбалы, чулася беларуская мова, былі разгорнуты выставы кніг і часопісаў, якія адлюстроўвалі гісторыю і сучаснасць беларускай літаратуры.
Сцэна нагадвала ўтульны пакой, у якім пачэснае месца займала чароўная кніга. Адкрываючы яе першую старонку, вядучая нагадала гледачам імёны вялікіх беларускіх асветнікаў і гісторыю свята.
З’яўленне пісьменства на беларускіх землях вельмі цесна звязана з праваслаўнай царквой. І таму першым павіншаваць усіх са святам вядучая запрасіла настаяцеля храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Богіна іерэя Ігара Чачуковіча, які нагадаў прысутным, што слова мае вялікую сілу, бо ім можна благаславіць чалавека, ім жа можна і знявечыць. І выказаў пажаданне, каб наша родная мова гучала не толькі падчас богаслужэння, а і ў паўсядзённым жыцці.
Наступная старонка свята называлася «Гасцёўня». На сцэну быў запрошаны член абласной арганізацыі і Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Жыгуноў. Ён расказаў слухачам, што яго натхняе на творчасць, гісторыю напісання свайго першага гумарыстычнага верша. А кампазітар Браніслаў Грамакоўскі выканаў прыгожыя і змястоўныя песні на вершы А. Жыгунова.
Наступны госць Уладзімір Мажылоўскі, загадчык аддзялення кругласутачнага знаходжання для састарэлых і інвалідаў у Барунах, аўтар гістарычных твораў, разважаў пра лёс беларускай мовы, як зрабіць, каб яна заняла пачэснае месца ў паўсядзённым жыцці кожнага чалавека.
Паэты Вольга Ляснеўская, Алена Ярмушэвіч і Дзмітрый Валчок падзяліліся сваімі ўражаннямі ад наведвання свята пісьменства ў Быхаве.
Эмацыянальным і цікавым было выступленне Яўгена Набеева, які чытаў урывак з п’есы Янкі Купалы «Паўлінка».
У канцы свята гучалі беларускія меладычныя песні ў выкананні народнага фальклорнага гурта «Вярба» Дрысвяцкага СДК.
Такім чынам, Дзень беларускага пісьменства дае рэальную магчымасць раскрыць яшчэ раз свой талент шматлікім прадстаўнікам культуры і духавенства пры зацікаўленай падтрымцы ўладных структур і грамадства ў цэлым.

Тэкст і фота Алены Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *