Кірмаш падарыў шмат прыемных уражанняў

Актуальное

IMG_5161 копияЧарговы кірмаш рамёстваў прайшоў у мінулую нядзелю на пляцоўцы вакол музея традыцыйнай культуры.
Майстры клуба «Ля возера» і супрацоўнікі музея мелі магчымасць не толькі паказаць сваё майстэрста, а і прадаць зробленыя ўласнымі рукамі сувеніры. Трэба адзначыць, што турыстаў, якія завіталі на кірмаш, было даволі многа. Радавала і тое, што большасць з іх — гэта маладыя сем’і з маленькімі дзецьмі. Госці не толькі разглядалі цудоўны рэчы, цікавіліся працэсам іх стварэння, а і з вялікім задавальненнем набывалі вырабы народных умельцаў сабе на памяць. Значыць, ёсць падстава сцвярджаць, што традыцыйныя рамёствы не прыйдуць у заняпад. З некаторымі адпачываючымі я пагутарыла і папрасіла падзяліцца сваімі ўражаннямі.
Вера Маліна (Даўгаўпілс):
— Я сама даўно займаюся пляценнем з лазы ў Даўгаўпілскай студыі прыкладнога мастацтва. Мае выставы праходзілі ў Літве, Эстоніі, Японіі, Амерыцы. Часта бываю ў Браславе, бо родам адсюль, дзялюся сваімі ведамі і навыкамі з жадаючымі. Вось прыахвоціла да народнага майстэрства і навучыла лозапляценню Ларысу і Ўладзіміра Давыдавых. Вельмі рада, што яны сталі сапраўднымі майстрамі. Браслаўскія кірмашы вельмі падабаюцца, бо ёсць магчымасць пазнаёміцца з майстэрствам мясцовых умельцаў. Ды і арганізацыя выстаў заўсёды на высокім узроўні. Мяркую, што такія мерапрыемствы трэба рабіць часцей, каб прывабліваць больш турыстаў.
Марыя і Аляксандр (Масква):
— На Браслаўшчыну прыехалі першы раз. Вельмі ўразіла ваша цудоўная прырода, прыгожыя азёры і чыстае паветра. Ды і людзі тут вельмі добразычлівыя і гасцінныя, у нашым мегеполісе такіх не сустрэнеш. Наведалі музей, дзе пазнаёміліся з гісторыяй горада. А сёння з цікавасцю і захапленнем разглядаем вырабы вашых майстроў. Набылі сувеніры з саломкі, гліны, дрэва. Думаем, што сваякі падарункамі ручной працы будуць вельмі задаволены.
Ганна (Слабодка):
— На кірмашы народных рамёстваў стараюся трапіць заўсёды, бо толькі тут можна ўбачыць адразу столька многа прыгожых рэчаў. Вось набыла ў Настассі Угарэнкі дэкаратыўную драўляную дошку на кухню.
Іна і Валерый (Расія):
— У вас таленавітыя і добрыя людзі. Шмат прыгожых і эксклюзіўных рэчаў мы ўбачылі на выставе. Дадому вернемся з цікавымі падарункамі для ўсіх сваякоў і знаёмых. А для сябе набылі цудоўнае ўпрыгожанне з бісеру.
Карысталіся таксама попытам мёд і фігуркі з пчалінага воску Наталлі і Ўладзіміра Алёхнаў з Відзаў. Для вялікай сям’і пчалярства з’яўляецца не толькі захапленнем, а і добрай падтрымкай у папаўненні сямейнага бюджэту. А яшчэ Наталля прапаноўвае пакупнікам лекавыя расліны, якія раскладзены ў прыгожыя мяшэчкі.
Падчас кірмашу гучалі вясёлыя і лірычныя песні ў выкананні ансамбля народнай песні «Карагод» Слабодкаўскага этнаграфічнага цэнтра. З задавальненнем госці кірмашу слухалі завадныя спевы самадзейных артыстаў.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *