Каб моцна стаяць на нагах

Международное сотрудничество

euroregion_ozkraiБраслаўская раённая грамадская арганізацыя трансгранічнага супрацоўніцтва «Еўрарэгіён “Азёрны край”» існуе з 2011 года і ўжо адзначылася ўдзелам у значных міжнародных праектах. Усе яны маюць на ўвазе развіццё сяброўскага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў разнастайных сферах, садзейнічанне ахове навакольнага асяроддзя, развіццю эка- і агратурызму.
У апошні час менавіта экалагічнаму накірунку ў арганізацыі надаецца павышаная ўвага. Так, на стадыях падрыхтоўкі і рэалізацыі зараз знаходзяцца мініпраект, які датычыцца ўкаранення “зялёнага” ладу жыцця на аграсядзібах і яго прапаганда сярод адпачываючых. Аднак удзел у такога кшталту праектах і тым больш іх паспяховая рэалізацыя немагчымы без моцнага суб’екта, які б думаў і прымаў рашэнні адпаведна сучасным рэаліям. Таму грамадская арганізацыя падала заяўку на ўдзел у яшчэ адным праекце, які датычыцца арганізацыйнай падтрымкі жыццяздольнасці ГА.
У яго рамках у чэрвені – ліпені ў Браславе і Мінску прайшлі сустрэчы зацікаўленых, папярэдняя ацэнка экспертаў была вызначана як здавальняючая. І вось у мінулы чацвер на аграсядзібе “Петухоўшчына” адбылася сустрэча членаў БРГАТС «Еўрарэгіён”Азёрны край”» з профільным кансультантам Ірынай Белай. Мерапрыемства хоць і праходзіла ў даволі вольнай форме, але мела на ўвазе вельмі важную мэту – вызначэнне ступені гатоўнасці арганізацыі і яе ўдзельнікаў да сур’ёзнай работы. Згадзіцеся, як на полі бою толку больш з добра падрыхтаванага і накормленага салдата, так і ў любой іншай справе кампетэнтныя выканаўцы дадуць лепшы вынік.
Менавіта таму 9 маладых і ініцыятыўных людзей на працягу некалькіх гадзін праходзілі тэсціраванне, якое ўключала больш за 300 спецыялізаваных пытанняў. Па словах Ірыны Белай, каманда падабралася добрая, і пры правільным прыкладанні намаганняў яна можа якасна і плённа працаваць. Своеасаблівая ж самаацэнка паказала вялікі патэнцыял арганізацыі, аднак дзеля яго поўнай рэалізацыі неабходна вучыцца і развівацца. Тут ужо асаблівы сэнс набываюць семінары, курсы, абмены вопытам і гэтак далей. Каб спрасціць працэс навучання, ёсць сэнс пазмагацца за міжнародныя гранты. А тут яшчэ вельмі многа работы і ў бліжэйшай перспектыве складанне плана арганізацыйнага развіцця ГА, які павінен пабачыць свет да канца кастрычніка бягучага года.
Хочацца спадзявацца, што маладое грамадскае аб’яднанне ў будучым будзе моцна стаяць на нагах і рэалізуе шэраг сапраўды цікавых праектаў на карысць Браслаўшчыны і яе жыхароў.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *