Жыццё аграгарадка – яе жыццё

Актуальное

IMG_4436 (Small)Калі ў непаспяховай сям’і непарадак, адзінокаму чалавеку патрэбна дапамога, а на вуліцы маладыя людзі распіваюць алкагольныя напіткі, за справу бярэцца старэйшына аграгарадка Плюсы Ганна Шыліна. У сваёй вёсцы не можа яна прайсці міма ні каля адной праблемы ці бяды. За гэта яе паважаюць мясцовая ўлада і самі вяскоўцы. Для яе ж быць старэйшынай – прызванне, прызнанне і аўтарытэт.
Год для Ганны Браніславаўны пачаўся з прыемнай навіны. Па выніках раённага спаборніцтва, дзе вызначаюцца і лепшыя старэйшыны, яна заняла другое месца. Але нават не такое высокае прызнанне для яе галоўнае. Лепшая ўзнагарода, калі ў Плюсах чысціня, парадак у сем’ях і нічога дрэннага не здараецца.
Любіць жанчына і свой аграгарадок, і тутэйшых людзей, і стараецца зрабіць для іх усё магчымае. Тым больш што сама Ганна Шыліна з мясцовых, нарадзілася недалёка ад Плюсаў, у вёсцы Апанасішкі-1, добрае ведае мясцовасць, жыхароў і іх праблемы. Раней нават з іншых вёсак прыходзілі па дапамогу, і яна не адмаўляла.
Прызнаецца, што такі ў яе мяккі характар, па-іншаму не можа. Калі два гады таму назад трэба было шукаць кандыдатуру на пасаду старэйшыны агр. Плюсы, вяскоўцы і мясцовая ўлада свой выбар спынілі на Ганне Браніславаўне. І не памыліліся. У свае 35 гадоў маладая старэйшына паспявае сумяшчаць некалькі пасад, па сіле аказалася ёй і быць старэйшынай.
У школе яна працуе настаўніцай абслугоўваючай працы ў дзяўчат. З дзяцінства марыла стаць педагогам. Але спачатку здзейсніць задуманае не ўдалося і давялося пайсці вучыцца ў швейнае вучылішча ў Полацку. Там жанчына навучылася шыць, вышываць, маляваць, розным тэхнікам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а яшчэ ў Доме рамёстваў скончыла курсы і засвоіла тэхніку саломапляцення. Усё ж мара не пакідала яе, і Ганна паступіла на завочнае аддзяленне Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта. А скончыўшы яго, вярнулася ў родную Плюскую школу. Тут яе любяць дзеці, паважаюць настаўнікі і дырэктар. Руплівая Ганна Браніславаўнай не толькі вядзе заняткі, але і паспявае даглядаць прышкольны ўчастак і кветнікі. Кожную вясну яна з дзецьмі садзіць расаду, а потым па дагаворы пастаўляе яе ЖКГ. Толькі за мінулы год школа зарабіла на расадзе каля 15 млн. рублёў, а ў гэтым ужо паставілі арганізацыі 6 тысяч раслін.
Пра адказную і складаную работу старэйшын Ганна Шыліна добра ведала, таму спачатку згадзілася на выпрабавальны тэрмін, але грамадская работа зацягнула. Прывыкла жанчына да таго, што з рознымі пытаннямі вяскоўцы звяртаюцца да яе. І зараз, хоць і складана часам бывае, ёсць і зайздроснікі, і тыя, хто ставіць палкі ў калёсы, але яна спраўляецца і з уласным ёй жыццёвым аптымізмам глядзіць наперад. А да чаго прыкласці рукі заўсёды знойдзецца: то дрэва аварыйнае, то лямпачкі на слупах не гараць. Звяртаюцца вяскоўцы да свайго старэйшыны і па розных асабістых праблемах: не працуе тэлефон, патрэбна даведка з якой раённай службы. Выручае Ганна Браніславаўна і ў экстранных сітуацыях. Так аднойчы здарылася, што на пажары абгарэў мужчына. Пэўны час не маглі знайсці яму сацыяльнага работніка, і старэйшына сама кожны дзень наведвала яго, прыносіла прадукты, дапамагала па гаспадарцы.
Дапамагала ў зборы страхавых дакументаў і адзінокай жанчыне, у якой зімой ад снегу праваліўся дах. Арганізавала старэйшына жыхароў Плюсаў на збор грошай для ўстаноўкі агароджы на могілках. Стараецца падтрымліваць чысціню і парадак у аграгарадку, а для гэтага нагадвае жыхарам, што ў час трэба прыбраць і падкасіць.
Яшчэ адна бяда, міма якой Ганна Шыліна ніколі не пройдзе, непаспяховыя сем’і. Часта яна да іх наведваецца, цікавіцца справамі, чым дапамагчы. Калі бачыць, што дзеці пакінуты без догляду, тэлефануе ўчастковаму. І ўжо разам вырашаюць, што рабіць.
Здаецца, няма таго, што ў яе не атрымліваецца, што ёй не па сілах. Яшчэ жанчына ― правая рука не толькі старшыні сельсавета, але і ксяндза Плюскага касцёла. Ды і дома яна паспявае ўсё зрабіць, дагледзіць гаспадарку. Падтрымліваюць жа Ганну Браніславаўну мама, муж і два сыны. Яны яе першыя памочнікі і дарадцы.
Дэвізам свайго жыцця Г. Шыліна абрала фразу: як ты да людзей, так і яны да цябе. І зараз кожны раз успамінае пра яе, калі людзі прыходзяць па дапамогу. Нікога яна не пакіне без увагі, бо жыццё аграгарадка – яе жыццё.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *